Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы глыбоцкія вернікі адзначылі разам з біскупам Юзафам Станеўскім (+відэа)

27 мая вернікі Глыбокага адзначылі парафіяльны фэст у гонар Найсвяцейшай Тройцы, якога з нецярпеннем кожны год чакаюць. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прыбылі таксама святары з дэканату і іншых парафій, большая частка якіх несла паслугу ў сакраманце пакуты і паяднання ў канфесіяналах.

Біскуп Юзаф у 1991 годзе адбываў практыку ў Мосары, як клерык пасля 1 курса семінарыі, пад душпастырскай апекай святой памяці ксяндза пралата Юзафа Булькі. Таму гэта старана яму вельмі блізкія. Іерарх падзяліўся, што з вялікім задавальненнем прыбыў у Глыбокае, бо часта вяртаецца ў сваіх думках да гэтай стараны, дзе вера хрысціянская захавалася ў нашых сэрцах і была перададзена маладому пакаленню. “І сёння з вялікай радасцю хачу падзякаваць Богу ў Тройцы Адзінай за вашу веру, прысутнасць, жыццё касцёлам”, — адзначыў Гродзенскі біскуп.

Падчас Эўхарыстыі высокі госць асаблівым чынам маліўся і прасіў бласлаўлення Святой Тройцы для моладзі, якая здае экзамены і тэсты.

У Імя Айца і Сына, і Духа Святога… Найсвяцейшая Тройца — штодня ўзгадваем яе ў знаку крыжа, калі распачынаем новы дзень, новы буханак хлеба, працу, навуку. Прызываючы Іх прысутнасць, тым самым спаўняем волю Хрыста, які наказваў Апосталам “ідзіце і абвяшчайце, ідзіце і хрысціце ў Імя Айца, і Сына і Духа Святога”. Вандроўка чалавека дарогай Божай распачынаецца праз дар жыцця. Бог кліча нас да жыцця праз любоў да нашых бацькоў, а яны гэты вялікі дар прымаюць, затым стараюцца, каб ён развіваўся не толькі ў вачах людзей, але і вачах Бога. Таму просяць аб Святым Хросце, дзе святар упершыню “знаёміць” немаўля са Святой Тройцай.

Біскуп падзяліўся прыкладам са свайго жыцця, які здарыўся ў Гродзенскай катэдры ў 1976 годзе. Са старэйшай сястрой паехаў у жніўні ва ўнівермаг, каб купіць школьныя прылады. Але бацькі сказалі, каб схадзілі ў касцёл, бо было Марыйнае свята. Падышлі да катэдры, вялікі прыгожы касцёл быў адчынены. Дзеці тады не ведалі, што гэта быў музей. Увайшоўшы і ўкленчыўшы ў бочнай наве ля абраза Маці Божай Кангрэгацкай, пачалі маліцца. Затым падышоў да іх старэйшы мужчыны і сказаў: “Сыходзьце, дзеці, адсюль. Тут няма вашага бога”. “У касцёле, пабудаваным рукой веруючага чалавека, прызначанага для малітваў і сустрэчы Бога з чалавекам, мы пачулі, што Бога няма. Не звяртаючы вялікай увагі на гэтыя словы, дома з радасцю распавядалі маці, што купілі, а толькі тата запытаў: “Ці былі ў касцёле?” Распавёўшы гэты момант бацьку, памятаю і сёння першую яго катэхезу, якая запала глыбока ў сэрцы. Як звычайны просты чалавек змог растлумачыць аб прысутнасці Бога ў маім сэрцы”, — звярнуў увагу біскуп Юзаф.

На заканчэнне гаміліі іерарх заклікаў у размовах з іншым чалавекам пакрыху дадаваць Евангелле. Няхай будзе па аднаму слову кожны дзень, не ўсе адразу, але прыбраць плёткі, нараканні. Мы павінны ўмець пераадолець усе цяжкасці і стаць на дарогу Божую, дзе Ён ідзе перад намі, дзе чакае нас у радасці, дзе мы спазнаем Тройцу Святую, калі ўбачым Бога тварам у твар.

Пасля Эўхарыстыі словы падзякі за супольную малітву і прамоўленае слова былі скіраваны Яго Эксцэленцыі біскупу Юзафу ад глыбоцкіх парафіян.

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія. Усе святары, сёстры законныя і вернікі пад гукі звона выйшлі з касцёла, каб падзяліцца з жыхарамі Глыбокага сваёй святочнай радасцю.

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Юзаф падзяліўся сваім уражаннем прыгажосці веры парафіі і падзякаваў за запрашэнне, за магчымасць праслаўляць Бога ў Тройцы Адзінага разам з глыбоцкімі вернікамі, пачынаючы ад найменшых на руках у бацькоў. «Будзьце моцнымі ў веры і праўдзе аб змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста, аб нашай надзеі і любові да Бога і чалавека», — пажадаў на развітанне іерарх.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Леанід Юрык, відэа

для друку для друку