Урачыстасць І Святой Камуніі ў Лаздунах

19 мая, у прыгожы веснавы дзень, у парафіі св. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі дэканат) адбылася вялікая ўрачыстасць – 10 маленькіх сэрцаў у першы раз прынялі Святую Камунію.

Ранкам, на касцёльнай тэрыторыі, было вельмі сонечна і прыгожа. Твары маладых парафіян, а таксама іх бацькоў і хросных, свяціліся ад усмешак. Перад пачаткам святой Імшы ксёндз-пробашч Анджэй Бурак прывітаў усіх сабраных і запрасіў ва ўрачыстай працэсіі прайсці да касцёла. Ад урачыстасці моманту на вачах бацькоў, хросных, а таксама і пробашча з’явіліся слёзы радасці. Распачалася святая Імша благаслаўленнем дзетак. Бацькі і хросныя, таксама як і падчас хросту, зрабілі на ілбе сваім дзеткам знак крыжа.

У гаміліі кс. Анджэй папрасіў дзяцей успомніць свае катэхетычныя ўрокі, падчас якіх яны рыхтаваліся да сакрамэнту першай споведзі і Святой Камуніі. На гэтыя заняткі дзеці запрашаліся разам з бацькамі. Кожны урок заканчваўся хатнім заданнем. Гэта і абняць сваю матулю, і падзякаваць ёй, пацалаваць спрацаваныя далоні таты, прывітацца з незнаёмым чалавекам, падзяліцца з ім сваёй усмешкай, памаліцца за сваіх настаўнікаў, выхавацеляў і ксяндза-пробашча, і шмат іншых. Таксама ксёндз Анджэй расказаў дзеткам прыпавесць пра адну жанчыну, якая ўсё сваё жыццё працавала ў адной заможнай сям’і гаспадыняй. Калі яна састарэла і прыйшоў час ёй вярнуцца дадому, то гаспадар дому на памяць падараваў ёй ключ ад свайго дому, як сімвал таго, што дзверы іх дому заўсёды адкрыты для яе.

“Дарагія дзеці, сёння вы атрымалі шмат падарункаў ад сваіх бацькоў, хросных і родных. Я таксама хачу вам зрабіць падарунак. Я кожнаму з вас уручаю ключы — адзін ад касцёла, а другі – ад табэрнакулюма, як сімвал таго, што дзверы касцёла заўсёды адкрыты для вас, і Езус, якога вы сёння прымеце ў першы раз, заўсёды чакае вас тут. Запрашаю як мага часцей прымаць яго у сваё сэрца”.

На заканчэнне святой Імшы бацькі падзякавалі ксяндзу-пробашчу за двухгадовую падрыхтоўку сваіх дзяцей, за прыклад веры, за цэлебрацыю гэтай прыгожай урачыстасці і ўручылі ў якасці падарунка гадзіннік. А святар, у сваю чаргу, выказаў словы падзякі бацькам і хросным за прысутнасць і за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага свята. У знак падзякі кожнаму тату ён паціснуў руку, а кожнай матулі падараваў бела-ружовую ружу. Кожнаму дзіцяці пробашч раздаў хлеб першакамунійны і прапанаваў падзяліць яго на маленькія кавалачкі і раздаць усім прысутным у гэты дзень на Імшы, каб такім чынам падзяліцца сваёй радасцю з усімі.

Нядзельная ўрачыстасць закончылася супольным фотаздымкам. Наперадзе дзетак чакае «белы тыдзень», які скончыцца 25 мая. У гэты дзень кс. Анджэй будзе дзякаваць Пану Богу за 17-ю гадавіну святарскага пасвячэння.

кс. Анджэй Бурак, тэкст
Уладзімір Юруш, фота

для друку для друку