Урачыстасць Божага Цела ў Гродне: любоў Хрыста – для ўсіх людзей

20 чэрвеня адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, падчас якой асаблівым чынам ушаноўваецца Збаўца ў Эўхарыстыі. У гэты дзень вернікі з усіх гродзенскіх парафій сабраліся ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

У літургіі прынялі ўдзел таксама святары, законныя сёстры, якія служаць у Гродне, і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцзіі Юзаф Станеўскі. Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Вялікае свята еднасці

Вітаючы ўсіх шматлікіх прысутных у святыні, іерарх падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць – вялікае свята еднасці, калі “мы асаблівым чынам з’яднаныя ля алтара Езуса, каб пайсці з Ім і за Ім – вуліцамі нашага горада”.

Біскуп заахвоціў да супольнай малітвы і дзейснага ўдзелу ў гэтай маніфестацыі нашай веры, праслаўляючы Езуса Хрыста ў белай Гостыі. “Будзем прасіць Езуса, прысутнага ў гэтым Святым Хлебе, які панясем сёння вуліцамі нашага горада, каб уваходзіў у наша жыццё, нас благаслаўляў і асвячаў”, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

 

Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі разважаў над таямніцай прысутнасці Бога ў белай аплатцы, якая, падкрэсліў ён, з’яўляецца “скарбам Касцёла”, “сэрцам свету”, “мэтай, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца”.

Па словах іерарха, перад гэтай таямніцай Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі, “мы падаем на калені, каб змяніць рытм нашага жыцця, у якім углядаемся ўдалечыню з нашым планам і надзеяй”.

“Затрымаемся ж, будзем адараваць, дзякаваць і прасіць, перапрашаць і ўсведамляць, што Бог прыгожы ў сваёй велічнасці, багаты сваёй міласэрнасцю, здзіўляе свет сваёй Ахвярай, але ўсё Ягонае – для мяне і для ўсяго свету”, – сказаў біскуп.

Ён дадаў, што “той, хто прагне спазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку – застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам – наталяе душу моцай Божай”.

Іерарх адзначыў, што ва ўрачыстасць Божага Цела Найсвяцейшы Сакрамэнт, які мы нясем у працэсіі вуліцамі гарадоў, паказвае, што “ўваскрослы Хрыстус ідзе пасярод нас і нас вядзе, і тым самым мы абвяшчаем, што любоў Хрыста не зарэзервавана толькі для тых, якія атрымалі веру “з малаком маці”, а прызначана для ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць на зямлі”.

Бсікуп заахвоціў ісці шляхамі свету, несучы ў сабе цела Пана, як Дзева Марыя ў таямніцы адведзінаў, “з пакорнай свядомасцю, захоўваючы ўпэўненасць, што любоў Бога, уцелаўлёная ў Хрысце, мацнейшая за зло, насілле і смерць”.

Вера і дынамізм Касцёла

Пасля Імшы вырушыла эўхарыстычная працэсія ўжо традыцыйным маршрутам вуліцамі горада Гродна. Яна спынялася ля чатырох алтароў, якія былі падрыхтаваны ля катэдральнага, пабрыгіцкага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў.

Перад кожным алтаром вернікі дзякавалі Пану Богу за Яго прысутнасць у іх штодзённай рэчаіснасці, перапрашалі за грэх занядбання ў жыцці і прасілі аб моцы Божага благаслаўлення на далейшае крочанне дарогамі веры. Шэсце тысяч католікаў сапраўды засведчыла аб іх свядомым выбары Езуса Хрыста Валадаром жыцця. Яно паказала, што Касцёл у горадзе над Нёманам жывы і дынамічны, вернікі маюць патрэбу ў Богу, які дае ім усяго сябе ў сакрамэнце Эўхарыстыі.

 На заканчэнне шэсця, на францішканскім узгорку, біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за яскравае сведчанне любові да Хрыста і веры ў Яго рэчаісную прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Іерарх выказаў словы шчырай удзячнасці ўладам горада Гродна за прыхільнасць у правядзенні працэсіі Божага Цела, супрацоўнікам міліцыі, хуткай дапамогі і ўсім, хто клапаціўся пра тое, каб гэтаe святкаванне адбылося годна і бяспечна.

“Можам быць упэўненыя, што Той, які захацеў застацца з намі аж да сканчэння свету ў постацях хлеба і віна, не пакіне нас адных, не дазволіць нам страціць шлях, не пакіне ў хвіліну выпрабаванняў”, – дадаў біскуп.

Іерарх заклікаў усіх удзельнікаў працэсіі мець адвагу ў кожным месцы і ў кожны час паказваць усім, хто забыўся пра Божую любоў, што праз Цела і Кроў Езуса Хрыста мы становімся перамененымі і вучымся сапраўднай любові да Бога, сябе і бліжняга.

кс. Юрый Марціновіч, тэкст
Вольга Сяліцкая, фота
grodnensis.by

для друку для друку