- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Урачыстасць Першай Камуніі ў парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Браславе

braslau_I_kamunia5 [1]Белыя сукенкі, чыстыя думкі, светлы настрой… Такая атмасфера панавала ў нядзелю 15 мая ў браслаўскай парафіі.

У гэты дзень арганічна спалучыліся дзве падзеі: урачыстасць Спаслання Духа Святога і І Святая Камунія для 34 хлопчыкаў і дзяўчынак. Перад пачаткам святой Імшы дзеці атрымалі блаславенне бацькоў і ўрачыста ўвайшлі ў касцёл праз прыгожую бязважкую арку з шарыкаў. Кампазіцыі з зялёных бярозавых галінак і белых кветак хрызантэм і руж ўпрыгожылі святыню, напаўняючы радасцю сэрцы ўдзельнікаў святой Імшы.

braslau_I_kamunia3 [2]

Словы казання пробашча парафіі кс. Станіслава Мжыглуда SDS былі звернуты ў першую чаргу да дзяцей, якія ўпершыню прымуць у свае сэрцы Езуса Эўхарыстычнага. Гісторыя пра сустрэчу турыста з манахам-пустэльнікам, які меў магчымасць бачыць толькі невялікі кавалак неба, стаўшы для яго скарбам, нагадала пра сапраўдны дар – хлеб з неба, што дае вечнае жыццё. Ксёндз Станіслаў заклікаў бацькоў быць годнымі сведкамі веры і прыкладам для сваіх дзяцей. Пры запаленых ад пасхала свечках першакамунійныя дзеці аднавілі абяцанні хросту. Павольна рухаючыся пад музыку, хлопчыкі і дзяўчынкі прыносілі да алтара дары. Потым настала доўгачаканая хвіліна радаснай сустрэчы з Езусам у Святой Камуніі.

braslau_I_kamunia4 [3]

Адметным момантам урачыстасці стала песня-падзяка, адрасаваная дзецьмі сваім бацькам. Сімвалічныя вобразы авечак і добрага пастыра, выкананыя з паперы, з’яўляліся не проста элементам аздобы касцёла, а своеасаблівым увасабленнем дзяцей, якія ўпершыню прынялі Святую Камунію, і святара. Запамінальнай часткай урачыстасці стаў вершаваны зварот дзяцей да добрага пастыра — ксяндза Станіслава. Шчырыя словы падзякі ад бацькоў гучалі святарам і сёстрам-эўхарысткам. Дапаўненнем святочнай урачыстасці стаў невялікі канцэрт навучэнцаў школы мастацтваў з Наваполацка.

braslau_I_kamunia9 [4]

Ірына Шыдлоўская, waladarka.by [11]
Ірына Гайдамовіч, фота