Урачыстасць І святой Камуніі ў Пагошчы

21 мая для 11 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак з парафіі Божай Міласэрнасці ў Пагошчы стаў знамянальным днём. Менавіта ў гэты дзень сямнаццаць маленькіх вернікаў упершыню прынялі Цела Хрыста ў свае сэрцы. Пад кіраўніцтвам кс. Славаміра Самковіча дзеці рыхтаваліся на працягу двух гадоў.

Суботнім вечарам кандыдаты прыступілі да першай у сваім жыцці споведзі. Затым адбылася апошняя генеральная рэпетыцыя.

У нядзельны святочны дзень дзеці разам з бацькамі пачалі збірацца за гадзіну да ўрачыстасці. Адным з першых падарункаў для ўсіх стала ўпрыгожванне святыні. Дзеці і дарослыя, як толькі адчынялі дзверы храма, заміралі на хвілінку ад убачанага, а на тварах можна было заўважыць здзіўленне і радасць. Такога ўпрыгожвання мясцовы касцёл яшчэ не бачыў.

Урачыстасць І святой Камуніі распачалася на вуліцы, калі дзеці прасілі бласлаўлення ў сваіх бацькоў. Затым, запаліўшы свечкі, дзеці і бацькі працэсіяй урачыста ўвайшлі ў святыню.

З радасцю і хваляваннем пробашч парафіі заклікаў вернікаў атуліць малітвай гэтых дзяцей, любоўю бацькоўскай і парафіяльнай, бо “напэўна праз бліжэйшыя 6 гадоў такога шчасця і ўрачыстасці ў нашай парафіі не будзе”.

На пачатку гаміліі святар папрасіў дарослых узгадаць такі ж святочны момант у сваім жыцці. “Як часта мы хочам вярнуцца ў дзяцінства і быць падобнымі да дзяцей. Яны, якія не ведаюць праблем, не звязаны клопатамі бытавымі. Яны — прыклад той наіўнасці і прастаты, якой мы з вамі павінны жыць. Давайце паспрабуем быць такімі чыстымі і наіўнымі”.

Кс. Славамір таксама звярнуўся да хросных, каб узгадалі свае абяцанне на хросце. Калі святар пытаў «хросныя, ці гатовы дапамагаць бацькам гэтага дзіцяці выконваць іх абавязак?”, мы згаджаліся, але ці выконваем насамрэч. Дапамажыце родным бацькам, каб іх дзеці былі выхаваныя згодна з навукай касцёла, у любові.

Перад бласлаўленнем словы падзякі былі скіраваны пробашчу Славаміру за двухгадовую падрыхтоўку, апеку і правядзенне ўрачыстасці, бацькам — за дэкарацыі і букеты, якімі ўпрыгожаная святыня, усім родным і гасцям, якія раздзялілі радасць гэтага дня разам з дзецьмі.

Нядзельная святкаванне І Камуніі завяршылася агульным фотаздымкам і запускам белых балонікаў у неба. Пасля чаго ўсіх чакаў пачастунак на свежым паветры і гульні для дзяцей. Радаснаму настрою спрыяла і сонечнае надвор’е.

Але на гэтым урачыстасць не скончылася, дзяцей чакае Белы тыдзень, а Езус будзе чакаць іх кожную нядзелю на працягу жыцця.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку