Упершыню за 245 гадоў на Анёльскай гары ў Нясвіжы адбылася святая Імша

Упершыню пасля 245 гадоў святую Імшу адправілі на Анёльскай (Свята-Міхайлаўскай) гары пад Нясвіжам, дзе знаходзіўся касцёл Святога Міхала і кляштар езуітаў. Гэта адбылося 27 красавіка 2019 года, паведаміў пробашч рыма-каталіцкай парафіі Святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз Ігар Лашук.

— Дзе знаходзіцца фігура, там быў прэзбітэрый касцёла, — пракаментаваў апублікаваныя здымкі кс. Ігар. Гаворка ідзе пра фігуру Арханёла Міхаіла, перэгрынацыя якога працягваецца па каталіцкіх парафіях Беларусі.

Таксама на месцы зруйнаванай святыні быў усталяваны памятны знак. Касцёл тут быў пабудаваны ў канцы XVI ст. Анёльская гара набыла славу цудатворнай. Маленькі храм не ўмяшчаў усіх пілігрымаў, таму касцёл быў пашыраны і зноў асвячоны ў 1629 г. Пазней вакол храма была пабудавана мураваная агароджа з 9 капліцамі, прысвечанымі ўсім хорам анёльскім. Затым па-за касцёлам у 1675 г. пачалі будаваць жылы корпус для манахаў. На яго месцы ў 1720-1732 гг. узводзіцца новы гмах.

Але пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г. будынкі нейкі час заставаліся безгаспадарчымі, а ў пачатку XIX ст. царскія ўлады там размясцілі казармы. Касцёл, пазбаўлены сваёй вежы, быў пераўтвораны ў склад пораху і вайсковай амуніцыі. У XX ст. не засталося слядоў ні ад касцёла, ні ад калегіюма.

Katolik.life

фота са старонкі ў Facebook

для друку для друку