Упершыню ў Гомелі прайшло моладзевае свята “Андрэйкі”

29666f18c8ad683bd36c77f4cd10ec88_LПершая сустрэча Душпастырства каталіцкай моладзі Гомеля прайшла ў суботу, 28 лістапада, у Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы.

У гэты дзень тут упершыню святкавалі «Андрэйкі» — у католікаў гэта традыцыйнае вясёлае мерапрыемства перад пачаткам Адвэнту (Каляднага «посту»). У праграму сустрэчы ўваходзілі песні, гульні, знаёмствы, стасункі, абед, а таксама малітва і гутаркі на духоўныя тэмы. Напрыклад, моладзь разважала на тэму віртуальных і рэальных стасункаў у пошуках адказу, як дасягнуць паўнаты ў зносінах і ў жыцці ў цэлым. Праграму сустрэчы падрыхтавалі парафіяльныя скаўты. На свята сабралася моладзь не толькі з Гомеля, але і са Светлагорску, Нараўлянскага раёну, паведамляе katolik-gomel.by.

«Андрэйкі» — гэта феерверк чаканых многімі людзьмі забаваў, гульняў і весялосці з нагоды літургічнага ўспаміну св. Апостала Андрэя (30 лістапада). Гэта адно з тых народных святаў, у якім так моцна перапляліся хрысціянства з фальклорам. «Андрэйкі» звычайна масава адзначаюць у каталіцкіх мясцовасцях, а цяпер гэтую традыцыю паспрабуюць вярнуць і ў Гомель, дзе гістарычна таксама было шмат католікаў, але за 70 гадоў савецкага атэізму і рэпрэсій супольнасць была практычна знішчана.

для друку для друку