Упершыню беларусы маліліся на роднай мове ў капліцы на месцы аб’яўлення Маці Божай у Фаціме

fatsima36Фаціма – марыйны санктуарый у Партугаліі, дзе ў 1917 годзе тром пастушкам аб’явілася Маці Божая. Шлях сюды з Беларусі пралягае амаль праз усю Еўропу. Людзі імкнуцца ў партугальскую Фаціму, каб атрымаць духоўнае аздараўленне. Просяць яго і для сваіх блізкіх. Шматлікія калекі моляцца тут аб суцяшэнні ў сваім цярпенні. Штовечар пілігрымы запальваюць знічы і з імі ў руках запаўняюць вялікую плошчу перад базілікай.

І вось вечарам, 18 жніўня 2015 года беларускія пілігрымы дасягнулі сваёй мэты. Фаціма… Цудоўнае і незвычайнае месца для кожнага веруючага чалавека. Перад намі два поўныя дні малітвы і адпачынку. Вечарамі, а 21.30 кожнага дня сустракаемся на малітве ружанцовай з запаленымі свечкамі ў руках, пасля якой адбываюцца працэсіі. Упершыню беларуская група мела дзве магчымасці маліцца на св. Імшы на роднай мове ў капліцы на месцы аб’яўлення Маці Божай. Дзве Эўхарыстыі, увечары а 17 гадзіне 19 жніўня з мноствам людзей і раніцай наступнага дня а 5 гадзіне раніцы.

fatsima28

fatsima33

Падчас гаміліі кс. Вячаслаў Пялінак заклікаў углядацца ў Божую Маці. «Кожны з нас прыязджае сюды як грэшнік, а калі хто лічыць інакш, то здарма страціў грошы і 15 дзён. Марыя, наша Маці, не дазваляе нам тут быць вялікімі хрысціянамі. Яна кажа, каб мы знялі маскі святасці, якія апранаем адзін перад адным, каб паказацца правільнымі і святымі. Гэтага тут ад нас Бог не патрабуе. І калі па-сапраўднаму чуем Яе слова і наследуем нашу Маці, то не будзем тут стаяць вялікімі волатамі веры, не будзем пералічваць сваіх заслуг, а як Марыя скажам» «Божа, які я малы і які Ты вялікі. Якую ж вялікую літасць, ласку, дабрыню і прабачэнне Ты распасцёр над сваім слугой, сваёй служанкай, над маёй сям’ёй і над маімі блізкімі», – прамовіў святар.

Сям’я Ірыны і Уладзіміра з Мінску пілігрымуюць у трэці раз разам з piligrymka.by. «Папа Бэнэдыкт XVI калісьці сказаў, што кожны католік павінен пілігрымаваць. Упершыню мы паехалі ў Ватыкан, а на наступны год, разам з дзвюма дзеткамі паехалі ў Святую Зямлю. А ў гэтым годзе, разам з мужам атрымалася паехаць у Фаціму, бо гэта было нашай даўняй марай. Усе гэтыя пілігрымкі вельмі розныя. У Люрдзе я вельмі ясна адчула прысутнасць Маці Божай, а ў Фаціме, падчас пакутнага шляху на каленях я ўбачыла на небе драўляны крыж карычневага колеру, менавіта ў той момант, калі сіл не было ўжо крочыць далей. А ўбачыўшы крыж, зразумела – Хрыстос са мной і я дасягну канца гэтай дарогі», – расказвае Ірына і дадае: « Божай ласкай для нашай сям’і стала магчымасць прачытаць 5 раз малітву «Вітай Марыя» на нашай роднай беларускай мове падчас вечаровага Ружанца на пляцы».

fatsima31

Марына Сінкевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, Іван Касевіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі