Уніяцкі святар: Стаўленне да абортаў — гэта тэст на цемрашальства

Pro-Life-Baby-abortion-planned-parenthoodСпроба Польшчы яшчэ больш абмежаваць колькасць абортаў выклікала дыскусію і ў Беларусі. Прыхільнікі абортаў у гэтых дыскусіях часта карыстаюцца жалезабетонным аргументам: «забарона абортаў — гэта цемрашальства».

Цемрашальства — нагадаю — гэта варожае стаўленне да асветы, навукі і прагрэсу.

Такім чынам, той, хто супраць абортаў, як вынікае з логікі прыхільнікаў абортаў, адмаўляе асвету, навуку і прагрэс.

Аднойчы я трапіў у паліклініку, дзе разгаварыўся з медсястрой. Неяк нашая размова выйшла на тэму абартыўных сродкаў. Я сказаў: «Гэта так сумна, што людзі не разумеюць, што спіраль забівае пачатых дзяцей». Яна выпучыла на мяне вочы і з выклікам адказала: «Спіраль не дазваляе злучыцца сперматазоіду і яйцаклетцы. Пачытайце лепш медычную літаратуру». Я занямеў.

Медсупрацоўніца не разумела механізма дзеяння спіралі, таксама як і не разумела розніцу паміж кантрацэптыўнымі і абартыўнымі сродкамі. О жрэц асветы, прыхільнік навукі і прагрэсу!

Іншы абразок. Святлана Калінкіна на «Белсаце» размаўляе з Ірынай Саламацінай пра спробу ўвесці ў Польшчы новы антыабарцыйны закон. Калінкіна ва ўступе суадносіць тэму з трагедыяй, якая адбылася ў Беларусі — маці нарадзіла дзіця і выкінула ў смеццеправод. Абедзве расчуленыя трагедыяй, але адначасова абедзве бачаць выйсце ў аборце.

Для мяне гэта выглядае так: давайце лепш заб’ём дзіця ва ўлонні маці, бо забіваць, калі яно нарадзілася, гэта неяк неэстэтычна.

Канечне, як я ўжо пісаў раней, у сваім светапоглядзе я (як і безліч іншых людзей) сыходжу з тэзіса, што жыццё чалавека пачынаецца ў моманту зачацця. І гэты тэзіс абсалютна не менш навуковы, чым тэзіс, што «зачаты плод — гэта не чалавек». Больш за тое, не існуе ніякіх «навуковых» доказаў, што плод — гэта не чалавек.

Давайце параўнаем аргументы «за» і «супраць» абортаў. У каго больш пераканаўчая аргументацыя? Давайце схематычна акрэслім аргументы і контраргументы ў гэтым пытанні.

Аргументы і контраргументы пра прыроду ненароджанага жыцця

За аборт: Гэта проста кавалак пратаплазмы, а не дзіця.

За жыццё: У ненароджанага дзіцяці з’яўляецца біццё сэрца да канца трэцяга тыдня. Калі хірургічныя аборты выконваюцца ў сярэдзіне-канцы першага трыместра цяжарнасці, то дзіця ўжо мае рукі, пальцы, ногі, ступні і г.д.

За аборт: Мы не ведаем, калі пачынаецца жыццё.

За жыццё: Падручнікі эмбрыялогіі кажуць, што чалавечае жыццё пачынаецца, калі яйцаклетка і сперматазоід аб’ядноўваюцца.

За аборт: Нават калі біялагічнае жыццё пачынаецца ў момант зачацця, мы не ведаем, калі пачынаецца асоба.

За жыццё: Асоба — гэта не тое паняцце, пра якое можна аб’ектыўна сказаць, што яна ёсць ці яе няма. Пра наяўнасць асобы мы мяркуем суб’ектыўна. Мы надаём права на асобу людзям, якіх мы шануем, і адмаўляем тым людзям, якія нам не падабаюцца.

За аборт: Ненароджанае дзіця не дастаткова вялікае, каб адчуваць боль, мець жыццяздольнасць, самаўсведамленне і г.д., што павінны быць для права быць асобай.

За жыццё: Ненароджанае дзіця баіцца і адчувае боль. Акрамя гэтага, згаданыя якасці развіваюцца з цягам часу. Нованароджаны, напрыклад, менш развіты, чым дарослы, і, вядома, у большай ступені залежны, чым падлетак, але гэта не робіць яго менш чалавекам.

Аргументы і контраргументы пра правы жанчыны

За аборт: Гэта маё цела, і я маю права рабіць з ім усё, што я хачу.

За жыццё: Калі вы цяжарныя, то ёсць яшчэ адно цела… Гэта цела дзіцяці. Ніхто не мае права разарваць цела дзіця на кавалкі.

За аборт: Нават калі ненароджаны мае неад’емнае права на жыццё, гэта права выцясняецца правам маці на аўтаномію.

За жыццё: Ніхто не мае безумоўнага права на аўтаномію. Мы патрабуем ад бацькоў, каб яны (выкарыстоўваючы свае целы), дбалі пра сваіх дзяцей. Гэтая адказнасць доўжыцца на працягу 18 гадоў.

За аборт: Калі жанчына зацяжарыла ад згвалтавання, то яна можа патрабаваць, каб ёй дазволілі зрабіць аборт.

За жыццё: Хоць згвалтаванне — гэта жудаснае злачынства, але ненароджанае дзіця ў гэтым злачынстве не вінаватае. Ніхто не павінен быць забіты за злачынства іншага чалавека. Аборт не прыпыніць і не змякчыць згвалтавання. А нават ёсць доказы таго, што аборт дадаткова пагаршае шкоду, якая ўжо нанесена згвалтаванай жанчыне.

Аргументы і контраргументы пра ролю ўрада ў пытанні абортаў

За аборт: Пытанні асабістай маралі лепш за ўсё пакінуць асобнаму чалавеку. Урад не павінна ўмешвацца.

За жыццё: Асноўная мэта ўрада заключаецца ў абароне асноўных правоў. Вось чаму ў нас ёсць законы, накіраваныя супраць згвалтавання, забойстваў і безнагляднасці дзяцей. Вось чаму мне дзіка чуць, што праваабарончая арганізацыя «Вясна» падтрымлівае аборты. Што гэта: правы адных людзей можна абараняць, а другіх не? Або хто даў «Вясне» вырашаць, хто з’яўляецца чалавекам, а хто не?

За аборт: Існуе канстытуцыйнае права на аборт.

За жыццё: Аборт не згадваецца наогул у Канстытуцыі Беларусі.

Аргументы і контраргументы пра якасць жыцця

За аборты: Калі дзіця мае нарадзіцца з жахлівымі адхіленнямі, то лепш пазбавіць яго ад жыцця ў пакутах.

За жыццё: Ніхто не мае права забіваць іншага чалавека толькі таму, што іншы чалавек можа мець нізкую якасць жыцця.

За аборты: Гэта лепш для дзіцяці, каб яго абартавалі, чым каб ён нарадзіўся і жыў непажаданым.

За жыццё: Мы ніколі б не забілі народжанае дзіця толькі таму, што яго бацькі вырашылі, што яны больш яго не жадаюць.

Вось атрымаўся такі тэст на цемрашальства. Можна было б працягваць гэты спіс аргументаў і контраргументаў. Але галоўны аргумент знаходзіцца ў тваім сэрцы.

Айцец Андрэй Буйніч, грэка-каталіцкі святар, бацька дваіх дзяцей
Наша Ніва

для друку для друку