Унесены змены ў парадак пацвярджэння сапраўднасці цудаў

cudАпостальская Сталіца апублікавала 23 верасня 2016 года новы Рэгламент медыцынскай камісіі Кангрэгацыі па справах кананізацыі, якая праводзіць даследванні адносна сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва кандыдатаў да хвалы алтара.

Дакумент быў зацверджаны 24 жніўня 2016 года кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам “de mandato Summi Pontificis”.

Новаўвядзенні тычацца абмежавання колькасці даследаванняў магчымых цудаў: кожны такі выпадак можа падвяргацца экспертызе не больш за тры разы. Акрамя таго, кожны наступны аналіз павінна праводзіць медыцынская камісія ў новым складзе. Старшыня медыцынскай камісіі, які абіраецца тэрмінам на пяць гадоў, можа паўторна заняць дадзеную пасаду толькі аднойчы.

Службовую тайну ва ўсім, што датычыць магчымага цуда, абавязаны захоўваць усе ўдзельнікі працэсу – пастулятары, суддзі, эксперты і супрацоўнікі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Аплата паслугаў экспертаў павінна ажыцяўляцца выключна банкаўскім пераводам.

Праца над стварэннем новага Рэгламенту пачалася ў верасні 2015 г. Для гэтага была склікана спецыяльная камісія з сямі чалавек на чале з сакратаром Кангрэгацыі па справах Кананізацыі арцыбіскупам Марчэла Барталучы.

Прадстаўляючы дакумент, іерарх падкрэсліў, што “цуды, якія адбываюцца праз заступніцтва святых, з’яўляюцца знакам прысутнасці Бога ў гісторыі і адначасова пацверджаннем іх святасці, праяўленай у мучаніцтве за веру і мужнай абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў”. “Спрадвеку Касцёл быў перакананым, што цуды святых – гэта “палец Божы”, які “ратыфікуе”, калі так можна сказаць, чалавечае суджэнне аб святасці іх жыцця”, — дадаў ён.

Папярэдняя рэдакцыя Рэгламенту, якая была дзейснай да сённяшняга дня, была зацверджана ў 1976 годзе Папам Паўлам VI.

Ватыканскае радыё

для друку для друку