Украіна: у святыню вярнулася літургічная чаша, якая знікла амаль 100 гадоў таму

У каталіцкую святыню, якая знаходзіцца ва ўкраінскім горадзе Красілаве, вярнулася літургічная чаша, якая знікла амаль 100 гадоў таму.

Пра гэта CREDO паведаміў Руслан Гарнік — старшыня «Польскай культурна-адукацыйнай супольнасці ім.Красілава», парафіянін рыма-каталіцкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса:

— Калі ў 1921-м бальшавікі забілі ў двары касцёла каталіцкага святара Казіміра Мазура і зачынілі святыню, вернікі схавалі ў сваіх дамах найбольш каштоўныя рэчы з храма. І толькі нядаўна, 13 гадоў таму, гуляючы па гарышчы хаты сваёй памерлай бабулі, хлопчык Сяргей Мазуркевіч знайшоў дзіўны пакет з літургічнай чашай.

Яна была вельмі брудная і запыленая. Яго сястра Каця прынесла яе ў храм. Доўгі час чаша чакала свайго часу. Айцец Збігнеў Саўчук OFCAP адвёз гэтую чашу да Кракава, дзе яе адрэстраўрыравалі і нанеслі пазалоту.

На чашы захаваўся арыгінальны надпіс «Pamiatka Prymicji ks.Ludwikowi od proboszcza Walerego z Czerniejowiec. 2.11.1914 r».

Гэта значыць, гэтая чаша — падарунак для  першай Божай службы ў парафіі, бо першапачаткова Красілаўскі храм дзейнічаў як філіял Кульчынскага касцёла і толькі ў пачатку ХХ ст. тут утварылася самастойная парафія, якая атрымала назву «Сэрца Езуса». Таксама на падстаўцы ёсць подпіс фірмы-вытворцы «Norblinski Warszawa Galf 1625».

Гэты келіх перажыў бальшавіцкую рэвалюцыю, камуністычны тэрор, Другую сусветную вайну, атэістычны пераслед і з’яўляецца сведкам вернасці і вытрываласці каталіцкай веры ў Красілаве.

для друку для друку