Украіна атрымала першы транш папскай гуманітарнай дапамогі

Ва Украіну трапіў першы транш папскай гуманітарнай дапамогі – 6 мільёнаў еўра, палова ад агульнай колькасці грошай, сабраных вясной па просьбе Папы Францішка ва ўсіх парафіях Еўропы. За размеркаванне гэтай сумы адказвае Папская рада “Cor Unum”.

“Першым напрамкам з’яўляецца гуманітарная дапамога: забеспячэнне харчаваннем, цяплом, медыцынскай дапамогай людзей, пакінутых на волю лёсу. Існуе таксама праблема бежанцаў. Нават калі аб ёй мала гаворыцца, варта памятаць, што ва Украіне ёсць два мільёны бежанцаў, якія пакінулі месцы, ахопленыя ваеннымі дзеяннямі, і перамясціліся, сярод іншага, у кірунку Кіева, і да гэтага часу не маюць пастаяннага даху над галавой”, — так сітуацыю пракаментаваў Ватыканскаму радыё кс. Джамп’ера даль Тоза, сакратар Папскай рады “Cor Unum”. Ён падкрэсліў, што асаблівую занепакоенасць выклікае лёс дзяцей і маладых людзей, пазбаўленых адукацыйных магчымасцяў.

“Мы падтрымліваем праекты, якія рэалізуюцца на ўзроўні супольнасцяў, а не робяцца адным чалавекам. Таксама мы дапамагаем незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці. На сённяшні дзень мы выключылі праекты па рэканструкцыі, паколькі на дадзеным этапе самае галоўнае, як нам здаецца, забяспячэнне выжывання”, — сказаў адказны з ватыканскага боку за размеркаванне папскай дапамогі.

Спецыяльна створаны камітэт, які дзейнічае з ліпеня, адабраў праекты хрысціянскіх дабрачынных арганізацый і міжнародных устаноў. Гэта – 20 “буйнамаштабных” праектаў – да 250 тыс. еўра кожны, – і 39 ініцыятыў салідарнасці – да 20 тыс. еўра, – у галіне харчовай дапамогі, забеспячэння жыллём, медыцынскай і гігіенічнай падтрымкі.

Згодна з апошняй справаздачай Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў, канфлікт, які ўсё яшчэ працягваецца на ўсходзе Украіны, з красавіка 2014 г. да 1 снежня 2016 г. забраў 9758 жыццяў, 22 779 чалавек у выніку яго атрымалі раненні.

Абвяшчаючы ў красавіку 2016 г. збор сродкаў на карысць ахвяр канфлікту ва Украіне, Пантыфік падкрэсліў, што гэты акт міласэрнасці мае на мэце не толькі палягчэнне матэрыяльнага становішча, але і спрыянне міру і павазе да правоў мірнага насельніцтва Украіны.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку