Укленчванне і паклоны: пытанне святару

“Часта бачу, як у касцёлах некаторыя людзі кленчаць на адно калена. Ці можа так быць? Што кажа пра гэта Касцёл і як да гэтага ставіцца?”

Іра

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала Хрысту! Паспрабую лаканічна адказаць на Вашае пытанне. Пра ўкленчванне і паклоны мы можам даведацца з Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала для дыяцэзій у Беларусі.

Укленчванне і паклоны 274. Укленчванне, якое адбываецца праз згінанне правага калена да зямлі, азначае пакланенне. Таму яно прызначаецца Найсвяцейшаму Сакраманту і Святому Крыжу ў перыяд ад урачыстай адарацыі падчас літургіі на ўшанаванне Мукі Пана ў Вялікую пятніцу аж да пачатку Пасхальнай вігіліі. На Імшы, цэлебруючы, святар кленчыць тры разы, а менавіта: пасля паднясення Гостыі, пасля паднясення келіха і перад Камуніяй. Асаблівасці, якія належыць захоўваць на канцэлебраванай Імшы, адзначаюцца ў адпаведных месцах (пар. №№ 210-251).

Калі ў прэзбітэрыі ёсць табэрнакулюм з Найсвяцейшым Сакрамантам, святар, дыякан і іншыя, хто прыслугоўвае, кленчаць, калі падыходзяць да алтара альбо адыходзяць ад яго, але не падчас самой цэлебрацыі Імшы. У іншых выпадках усе кленчаць, калі праходзяць перад Найсвяцейшым Сакрамантам, калі толькі яны не ідуць у працэсіі. Тыя, хто прыслугоўвае, хто нясе працэсійны крыж альбо свечкі, не кленчаць, а толькі схіляюць галаву.

  1. Паклон азначае ўшанаванне і павагу, якую аддаюць самім асобам альбо таму, што іх азначае ці выяўляе. Ёсць два віды паклонаў, а менавіта: схіленне галавы і схіленне ўсяго цела.

Галаву схіляюць тады, калі разам называюцца тры Боскія Асобы, а таксама імя Езуса, Найсвяцейшай Панны Марыі і святога, у гонар якога цэлебруецца Імша.

Схіленне ўсяго цела, альбо нізкі паклон, робіцца: перад алтаром; падчас малітваў “Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае” і “Прымі, Пане Божа, нас”; пры вызнанні веры на словы: “І ўцелавіўся”; у Рымскім каноне на словы: “Пакорна просім Цябе”. Такі ж паклон робіць дыякан, калі просіць бласлаўлення перад абвяшчэннем Евангелля. Апрача таго, святар крыху схіляецца пры кансэкрацыі, калі прамаўляе словы Пана. Трэба таксама адрозніваць кленчанне ад укленчвання. Падчас укленчвання вернік становіцца на правае калена і не чыніць ніякіх жэстаў, напрыклад, знак Святога Крыжа.

Кленчанне на двух каленях – гэта жэст пашаны Эўхарыстычнаму Хрысту. Варта памятаць: калі ўкленчваю, то не кланяюся. Калі кланяюся, то не ўкленчваю. Тут няма патрэбы дубляваць жэсты, бо наша любоў і пашана Пану Богу выражаецца праз укленчванне або праз паклон. Дарэчы, у літургіі паклон з’яўляецца больш старажытным жэстам ад сярэднявечнага ўкленчвання, якое ўвайшло ў літургію як знак пакуты і перапрашэння, а таксама падчас распаўсюджвання культу Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Памятайма! Гэта не нейкія магічныя жэсты, але жэсты нашай любові да Бога. Няўкленчванне і някленчанне перад табэрнакулюмам не з’яўляецца грахом. Таксама як не з’яўляецца грахом, калі я не скажу камусьці “добры дзень” або “дзякуй”. Гэта звычайны недахоп культуры. Хіба нікога не трэба пераконваць у тым, што варта ўмець сябе паводзіць за сталом. Асабліва каля стала Пана!

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі