Удзячныя за несправядлівасць

Чалавек мае схільнасць параўноўваць сябе з іншымі. Часта такія параўнанні могуць быць вынікам расчаравання жыццём, таму што нельга не заўважыць, што навокал шмат несправядлівасці. Хтосьці ўсё жыццё выкарыстоўвае іншых людзей без непрыемнасцей для сябе. Камусьці пашчасціла нарадзіцца ў багатай сям’і і атрымліваць усё без перашкод. А хтосьці імкнецца быць добрым і мае з-за гэтага праблемы…

Чаму Бог несправядлівы? Чаму імгненна не карае тых, хто чыніць зло? Такія пытанні час ад часу непакояць чалавечае сэрца. Аднак ці не атрымліваецца так, што мы хочам, каб Бог быў справядлівы толькі да іншых, але не да нас? Для сябе ж мы выпрошваем міласэрнасці, не стамляемся паўтараць: “Змілуйся над намі, памілуй нас”.

Бог не стамляецца даваць людзям яшчэ і яшчэ адзін шанс выправіцца, не стамляецца быць міласэрным да кожнага, хто не паддаецца роспачы і прагне не паўтараць сваіх памылак. Хрыстос з’яўляецца Месіяй для ўсіх — за ўсіх людзей ён памёр і ўваскрос.

Божы Сын вучыць нас велікадушнасці. Велікадушным людзям няма патрэбы абгаворваць іншых, пазбаўляць іх добрага імя, зацыклівацца на сваіх праблемах. У першую чаргу праяўляць удзячнасць. І ўжо потым патрабаваць справядлівасці. Гэтае кароткае правіла духоўнага жыцця вельмі складанае. У нас ёсць усё жыццё, каб з кожным днём рэалізоўваць яго больш інтэнсіўна.

На жаль, многія дні і нават гады нашага жыцця мы праводзім механічна, таму што ў нас няма вялікай мэты або мы пра яе забываем. У гэтай механічнасці можна абмінуць важную думку пра тое, што чалавек пакліканы да вялікага і нішто часовае не можа даць нам сапраўднае шчасце. У шчасця ж ёсць тры спадарожнікі — міласэрнасць, велікадушнасць і ўдзячнасць…

Ксёндз Кірыл Бардонаўsb.by

для друку для друку