У ЗША вернікі выратаваліся ў касцёле ад тарнада

У мінулую суботу, 29 красавіка 2017, 45 вернікаў з парафіі св. Яна Евангеліста ў Іморі (штат Тэхас), якія знаходзіліся ў святыні, атрымалі трывожную вестку аб руху тарнада ў іх напрамку, паведамляе CNA.

Самым бяспечным месцам, каб схавацца ад стыхійнага бедства, стаў праход паміж галоўным храмам і парафіяльным залам. «Мы ўвайшлі ў памяшканне, і прыблізна праз 30 секунд тарнада нас дасягнула, — распавядае Моніка Х’юз, сведка той падзеі. — Усе ляглі на падлогу і спрабавалі абараніць адзін аднаго».

Сярод непагадзі і разбурэнняў мы здолелі захаваць спакой і веру ў тое, што ўсё будзе добра, успамінае яна.

Калі яны зразумелі, што ўсё скончылася, дарослыя пачалі спяваць, каб супакоіць дзяцей, і працягвалі маліцца.

Вернікі заставаліся ў сваім сховішчы яшчэ каля двух гадзін, пакуль не прыйшла дапамога. Ніхто з іх не быў паранены, нягледзячы на тое, што будынак быў амаль разбураны. «Будынак быў цалкам знішчаны з абодвух бакоў. Парафіяне ўжываюць слова «цудоўнае», апісваючы сваё выратаванне ў той вечар, калі на поўдні штата адбылося па меншай меры тры тарнада і загінулі пяць чалавек», — адзначыў Пейтан Лоў, адказны за сувязі з грамадскасцю епархіі Тайлер.

У нядзелю, 30 красавіка ўся парафіяльная супольнасць сабралася на Эўхарыстыю, якая была здзейснена перад разбураным храмам.

CREDO
пераклад catholicnews.by

для друку для друку