У Жодзіна адбыўся турнір міністрантаў з марыянскіх парафій

izobrazhenie-159014-15 кастрычніка ў Жодзіна адбыўся ўжо традыцыйны турнір міністрантаў з марыянскіх парафій. У спатканні прынялі ўдзел каля 70 хлопцаў з усіх мясцовасцей, дзе працуюць айцы марыяне: Мінска, Жодзіна, Барысава, Росіцы і Оршы. Да іх далучыліся госці з суседніх Смалявіч і далёкай Друі, якая, дарэчы, не так даўно была марыянскай.

Турнір адбываўся ў розных катэгорыях. Сустрэча распачалася супольнай Эўхарыстыяй у пятніцу. Пасля вячэры адбыліся першыя інтэлектуальныя спаборніцтвы. Каманды праверылі свае сілы ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, у якой павінны былі адказваць на цяжкія пытанні не толькі з галіны Бібліі і катэхезы, але таксама паказаць свае веды пра культуру Беларусі і жыццё нашага Касцёла. Пасля нялёгкай інтэлектуальнай працы патрэбны быў адпачынак, таму вясёлы і дружны натоўп адправіўся на жодзінскі каток, каб разам “паганяць на каньках”.

izobrazhenie-1435

Асноўныя змаганні адбываліся на наступны дзень. Пасля ранішняй зарадкі, супольнай Эўхарыстыі і снядання міністранты сустрэліся на чарговай інтэлектуальнай “праверцы” – турніры па літургічных ведах. Пасля напружанай барацьбы “мазгоў” хлопцы перайшлі ў спартыўны зал “Асілак” Жодзінскага БелАЗа, дзе змагаліся за балы ў катэгорыях міні-футбол старэйшых і малодшых. Барацьба была нялёгкай. Кожны матч быў сапраўднай баталіяй. Хлопцы аддалі шмат сілаў, таму абед быў з’едзены хутка і з вялікай ахвотай. Пасля невялікага адпачынку турнір прадоўжыўся. Мінстранты выставілі прадстаўнікоў для гульні ў настольны футбол, а самі ўдзельнічалі ў камандных эстафетных конкурсах. Яшчэ адной цікавай катэгорыяй была дапамога на кухні, за якую таксама залічваліся балы. Падчас пасілку кожная каманда па чарзе дапамагала пры сталах і мыла посуд.

Турнір праходзіў напружана і цікава. Кожны атрымаў добрую порцыю эмоцый, радасці і зарад Божага духа. Месцы ў агульнай класіфікацыі за ўсе катэгорыі змагання былі наступныя:

  1. Зборная Мінска і Смалявічаў
  2. Жодзіна
  3. Барысаў

Чацвёртае месца з аднолькавай колькасцю балаў раздзялілі каманды з Друі і зборная Росіцы і Оршы.

Арганізатары дзякуюць усім хлопцам за прысутнасць і за сведчанне еднасці, добрага настрою і сапраўднага міністранцкага духа.

а. Канстанцін Анашка МІС

для друку для друку