У якiх выпадках святар можа ўдзяляць Святую Камунiю не ў часе святой Iмшы?

“Хвала Хрысту! Калi, у якiх выпадках святар можа ўдзяляць Святую Камунiю не ў часе святой Iмшы?” Iра

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

Паважаная Ірына! Дзякуй за зададзенае Вамі пытанне, якое закранае вельмі важную таямніцу жыцця вернікаў – Эўхарыстыю. Святы Ян Павел ІІ сваю энцыкліку Ecclesia de Eucharistia распачаў словамі: “Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі”. Паколькі Касцёл – гэта Містычнае Цела Хрыста, то ўзгаданыя словы датычаць усіх вернікаў.

Эўхарыстыя – Божая спажыва

Касцёл пастаянна дзякуе Богу за даручаны яму сакрамант Эўхарыстыі – духоўны спажытак і задатак вечнага жыцця. Усе чальцы Містычнага Цела Хрыста пакланяюцца самому Богу, прысутнаму ў Найсвяцейшым Сакраманце. Відавочным знакам эўхарыстычнага культу з’яўляецца станаўленне на калені ці паклон перад праўдзівым Целам і Крывёю Хрыста Пана як падчас літургічных цэлебрацый, так і па-за імі. Найбольшым ды найпаўнейшым фактам пакланення Богу ёсць цэлебрацыя Эўхарыстыі падчас ахвяры святой Імшы.

Другі Ватыканскі Сабор навучае, што “ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі змяшчаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла, a менавіта сам Хрыстос, наша Пасха i жывы Хлеб, Які праз сваё Цела, ажыўленае Духам Святым і жыватворнае, дае жыццё людзям, запрашаючы іх i ведучы такім чынам да ахвяравання разам з Ім саміх сябе, сваёй працы i ўсіх створаных рэчаў. Таму Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай i вяршыняй усёй евангелізацыі” (Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітэраў Presbyterorum ordinis, 5). Паколькі Хрыстос устанавіў Эўхарыстыю, каб ёю карміць свой народ у дарозе да вечнага жыцця (Пар. Ян 6,51-58), Ён пастаянна запрашае сваіх братоў і сясцёр да поўнага ўдзелу ў святой Імшы, што азначае таксама прыняцце Святой Камуніі.

Прысутнасць Хрыста ў Святой Камуніі

Удзел у эўхарыстычнай ахвяры больш дасканалы, калі Святая Камунія прымаецца падчас святой Імшы, што Касцёл настойліва рэкамендуе (пар. Канстытуцыя пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium, 55). Аднак супольнасць Касцёла ўсведамляе, што Хрыстос прысутны не толькі ў часе цэлебрацыі святой Імшы, але і пасля яе завяршэння Ён застаецца Той Самы ў Святой Камуніі, якая захоўваецца ў табэрнакулюме. У дакументах Касцёла чытаем, што “галоўнай і першапачатковай мэтай захавання Эўхарыстыі па-за святой Імшой з’яўляецца ўдзяленне Віятыку[1]; наступныя мэты – гэта ўдзяленне Камуніі і пакланенне нашаму Пану Езусу Хрысту, прысутнаму ў Сакраманце” (Святая Камунія і культ Эўхарыстычнай таямніцы па-за Імшою, 5). Вера ў пастаянную прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце выражаецца рознымі духоўна карыснымі малітвамі ды спевамі, сярод якіх найбольш вядомыя: “Будзь праслаўлены ў кожным моманце, о жывы Хлебе наш у Сакраманце!” ці “Няхай будзе пахвалёны Найсвяцейшы Сакрамант – праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста!” Варта ведаць такія малітвы і вучыць ім сваіх блізкіх.

Удзяленне Святой Камуніі па-за святой Імшой

Хаця Касцёл рэкамендуе, каб вернікі прымалі Святую Камунію падчас святой Імшы, але дазваляе ўдзяліць яе таксама па-за Імшой, калі існуюць на гэта слушныя прычыны (Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 918). Могуць імі быць праблемы са здароўем ці абавязковая праца ў часе здзяйснення Эўхарыстычнай Ахвяры. Нормы Касцёла дазваляюць Святую Камунію ўдзяляць па-за Імшой у кожны дзень і ў кожную пару дня, аднак:

а) у Вялікі Чацвер Святую Камунію можна ўдзяліць толькі падчас святой Імшы (хворым у гэты дзень можна занесці Цела Хрыста ў кожную пару);

б) у Вялікую Пятніцу Святая Камунія ўдзяляецца толькі падчас цэлебрацыі Мукі Пана (хворым у гэты дзень можна занесці Цела Хрыста ў кожную пару);

в) у Вялікую Суботу Святую Камунію можна ўдзяліць толькі ў якасці Віятыку (Пар. Святая Камунія і культ Эўхарыстычнай таямніцы па-за Імшою, 16).

Найбольш вядомай акалічнасцю для ўдзялення Камуніі па-за Імшой ёсць наведванне хворых ці то ў месцы жыхарства, ці лячэння. Падобная сітуацыя можа быць у месцах зняволення, куды прыходзіць святар. Некаторыя вернікі, якія хочуць прымаць Найсвяцейшы Сакрамант таксама і па буднях, але не могуць удзельнічаць ва ўсёй Імшы, абмяжоўваюцца да ўдзелу ў Святой Камуніі, што не з’яўляецца парушэннем літургічных нормаў пры ўмове, што яны прыступаюць да стала Пана пасля належнай падрыхтоўкі, з павагай і малітвай. Абрад Святой Камуніі па-за Імшой прадугледжвае чытанне Божага Слова і адпаведныя малітвы, а таксама асабістую падзяку, праз якую вернікі прымаюць духоўна ўдзел у прынясенні падзякі, якая цудоўным чынам аддаецца Богу ў святой Імшы (Пар. Святая Камунія і культ Эўхарыстычнай таямніцы па-за Імшою, 25). Найбольш агульна можна сцвердзіць, што ў звычайным парадку Святую Камунію па-за Імшой могуць прасіць тыя, хто не можа ўдзельнічаць у святой Імшы.

Прыняцце Святой Камуніі другі раз у дзень

У гэтым месцы падаецца таксама неабходным прыпомніць нормы, якія дазваляюць вернікам падчас удзелу ў святой Імшы другі раз на працягу дня прыняць Святую Камунію (Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 917). Такім чынам, калі хтосьці прыняў Святую Камунію (ці ў часе Імшы ці па-за ёю), можа другі раз прыступіць да Эўхарыстыі, аднак толькі пры поўным удзеле ў Імшы. Магло б так здарыцца, напрыклад, падчас побыту ў бальніцы: раніцай святар удзяліў Камунію хвораму, які не ведаў, што зможа быць на Імшы, а такая магчымасць з’явілася пазней. Тады той, хто ўдзельнічае ва ўсёй Імшы, можа другі раз прыняць Святую Камунію. Адзіным выключэннем, калі дазваляецца прыняць святую Камунію другі раз на працягу дня без поўнага ўдзелу ў Імшы, ёсць Віятык (Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 921). Заўсёды трэба пазбягаць сітуацыі, калі хтосьці імкнуўся б прымаць Святую Камунію двойчы не дзеля з’яднання з Хрыстом ды ўшанавання Яго, а трактуючы Найсвяцейшы Сакрамант інструментальна.

Карысную навуку пра спажыванне Цела Хрыста дае Папа Бэнэдыкт: “Прымаць Эўхарыстыю – значыць, мець паставу адарацыі перад Тым, Каго прымаем. Менавіта так і толькі так мы становімся з Ім адно і смакуем нейкім чынам наперад прыгажосць нябеснай літургіі” (Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis, 66). Варта таксама маліцца словамі песні Святога Тамаша з Аквіна “Праслаўляю з верай”: “Хоць цяпер укрыты ў Гостыі святой, я малюся шчыра, Божа, прад Табой. Каб у вечнай славе я ўглядацца мог, у Тваё аблічча, Пане мой і Бог!

[1] Віятык — Святая Камунія, якую прымае хворы ў небяспецы смерці, пераважна разам з сакрамантам намашчэння хворых.

для друку для друку