У вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў “Карытас”

caritasЗ 5 па 7 сакавіка ў Цэнтры РМ «ДКТ Карытас» Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі ў в. Ляскоўка Мінскага раёна адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў Дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Карытас” у Беларусі.

«Recolere» (з лацінскай мовы) – збіраць, аднаўляць. Рэкалекцыі – гэта асаблівы час шукання Хрыста і спаткання з Ім, а гэта патрабуе цішыні, засяроджання і інтэнсіўнай малітвы. Кожнаму з нас трэба такі час, у якім мы маем шчасце сабрацца, спарадкаваць свой свет, убачыць рэчы на адлегласці, набыць навізну ў веры і малітве.

Трохдзённыя разважанні праводзіў кс. Яўген Учкуроніс, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Дзярэчын (Гродзенская дыяцэзія). Тэмай перажытых рэкалекцый было “ГРЭХ (7 галоўных) — МІЛАСЭРНАСЦЬ (Пакаянне)”.

Духоўныя практыкаванні распачаліся знаёмствам, падчас якога кожны мог падзяліцца, чым асабіста для яго з’яўляецца “Карытас” і дабрачыннасць.

Уступная канферэнцыя была прысвечана сямі галоўным (смяротным) грахам. Кс. Яўген прапанаваў паразважаць на гэтую тэму пры дапамозе карціны Іераніма Босха, на якой па коле размешчаны грахі,а ў цэнтры – Усёбачнае вока Бога. “Але што такое ўвогуле “грэх”?”, – спытаў ксёндз-рэкалекцыяніст.

“Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, грэх – гэта правіна супраць праўды, розуму, чыстага сумлення; гэта недахоп сапраўднага любові да Бога і блізкага з-за заганнай прыхільнасці да некаторых выгод”. З сямі кс. Яўген вылучыў адзін, які параджае ўсе астатнія грахі – пыха.

З-за пыхі чалавек узвышае сябе над іншымі, прыніжаючы іншых. Пасля канференцыі адбыўся прагляд фільму “Семь смертных грехов”, у якім сваімі разважаннямі на гэтую тэму дзяліліся як прадстаўнікі розных рэлігій, так і асобы свецкія.

Падчас другога дня рэкалекцый удзельнікі мелі магчымасць паразважаць над адным з Сямі Сакрамэнтаў – Споведдзю. Сам Езус Хрыстус адрыў для нас Таямніцу Пакаяння: “І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

“Споведзь – гэта аздараўленне. Мы не ідзём да доктара і не кажам “Я хворы”, але канкрэтна называем, што нас непакоіць. Так павінна быць і падчас споведзі”, – адзначыў кс.Яўген. “Таму варта добра рыхтавацца да гэтага Сакрамэнта, асабліва падчас рахунка сумлення, які дапамагае нам стаць у праўдзе перад Богам”.

Сустрэча са Словам Божым – яшчэ адна магчымасць, каб паразважаць і перажыць праблемы, з якімі чалавек сутыкаецца падчас Сакрамэнта Пакаяння. Падмуркам ў гэтым стала прыпавесць пра блуднага сына, а таксама карціна Харменса ван Рэйна Рэмбранта.

Цэнтральныя моманты дня – Святая Імша, Крыжовы Шлях і Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта –прасякнутыя духам любові і еднасці, да глыбіні душы закранулі кожнага ўдзельніка рэкалекцый.

Трэці дзень рэкалекцый быў прысвечаны тэме “Вера”. Кс. Яўген праз свае словы падчас канферэнцыі вылучыў галоўную думку, што без веры ўсе разважанні не маюць сэнса. “У Святым Пісанні вельмі выразна напісана наконт веры ў Пасланні да габрэяў: “А вера ёсць здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным”, – падкрэсліў ксёндз-рэкалекцыяніст. “Вера – гэта ахвяраваць усё ў рукі Божыя, гэта дабравольны акт веры. “Няхай станецца вам паводле веры вашай” (Мц 9:29)

Пасля рэкалекцый усе былі запрошаны на святочны абед, падчас якога дырэктары “Карытас” павіншавалі супрацоўнікаў і валанцёраў з надыходзячымі святамі: перш за ўсё, з Нацыянальным “Днём Карытас”, а таксама ўсіх жанчын з 8 сакавіка – Міжнародным жаночым днём.

На шчаслівае вяртанне дамой і да працы супрацоўнікі “Карытас” атрымалі пастырскае благаслаўленне ад ксяндза-рэкалекцыяніста.

caritas.by

для друку для друку