У вёсцы Ідолта Мёрскага дэканату адбыўся фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай (+відэа)

idolta_fest14Падзея адбылася ў суботу 16 ліпеня.
Парафія ў Ідолце вельмі адметная. Пакуль ні адзін раённы цэнтр нашай дыяцэзіі не можа пахваліцца тым, што мае два касцёлы. А вёска Ідолта мае. Прычым абодва храмы дзейнічаюць.

“Гэта наша вялікае багацце для парафіі, – кажа пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Пялінак. – Гэта на сённяшні дзень наш галоўны парафіяльны касцёл, але кожную сераду ў 12 гадзін мы служым Імшу на тым паўвостраве, у старым касцёле, як яго тут называюць. І вернікаў на гэту Імшу звычайна збіраецца больш, чым у будні дзень у гэтым касцёле”.

У Каталіцкім Касцёле вельмі шануецца культ Маці Божай, бо менавіта Марыя адказала Богу “Так. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. І каб не гэтае “Так”, то на гэты свет не прыйшоў бы Збаўца.

“Чалавек не створаны Богам, каб быць у нейкіх рамках, ён створаны чалавеам свабодным, – адзначыў ксёндз Славамір Самковіч. – І культ Найсвяцейшай Панны Марыі існуе ў Касцёле за гэта яе “Так”. Бо без яе згоды прыняць Божую волю не было б збаўлення, не было б таго, што мы зараз маем”.

Новы касцёл у Ідолце быў пабудаваны перад самай вайной, у 1939 годзе. Вернікі не паспелі нават зрабіць унутранае аздабленне касцёла, як пачалася вайна. 17 верасня сюды прыйшлі бальшавікі, у 1941 немцы, потым праз тры гады зноў бальшавікі з іх ваяўнічым атэізмам. Але вернікі адстаялі свой касцёл, не далі яго зачыніць. У яго сценах заўсёды гучала Божае слова.

Верніца з Ідолты Ірына Рубанік кажа: “Наш касцёл ніколі не быў закрыты. Нават у камуністычны час ён быў адкрыты, людзі прыходзілі, маліліся. І гэта вялікае шчасце для нашай парафіі. Напэўна Маці Божая апякуецца нашай парафіяй.”

Часлаў Рубанік таксама з ёй згодны: “Наш касцёл практычна не закрываўся. У нас заўсёды быў святар. Тут заўсёды было шмат людзей, у навакольных парафіях касцёлы былі пазакрываныя, у Друі, напрыклад, а наш заўсёды дзейнічаў”.

Свята сабрала шмат вернікаў і святароў. Святочную літургію ўзначаліў айцец Чэслаў Курэчка з Росіцы. Напачатку Імшы пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Пялінак параўнаў касцёл з бацькоўскім домам. Бо ў доме маці мы заўсёды адчуваем сябе вельмі ўтульна, а касцёл таксама з’яўляецца домам нашай маці – Маці Божай.

idolta_fest23

Слова да вернікаў прамовіў ксёндз Славамір Самковіч з Пагошчы. Ён звярнуў увагу на нашы паводзіны ў паўсядзённым жыцці, ці гатовыя мы прыняць Божую волю.
“Мы часта задаём сабе пытанне, – адзначыў святар, – чаму ў нашым жыцці не адбываецца тое або іншае. І з іншага боку вельмі часта задаём Богу пытанне: “За што?”

Кожны чалавек мае ў сабе нейкі талент, адзначыў святар. І наша задача палягае на тым, каб гэты талент распазнаць і развіць. Трэба ўмець цаніць у сябе гэты Божы дар і не зайздросціць іншым людзям.

idolta_fest09

У якасці гасцей на святой Імшы прысутнічаў хор з Глыбокага Ave Maria і арганістка з Браслава Іна Сапун. Але як слушна заўважыў ксёндз Вячаслаў – у Божым доме гасцей не бывае, бо мы ўсе знаходзімся тут у доме сваёй Маці.

Напрыканцы Імшы вернікі памаліліся літаніяй да Маці Божай і прайшлі працэсіяй вакол касцёла. Богаслужэнне закончылася спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Трэба адзначыць, што ў Ідолце з даўніх часоў захавалася добрая каталіцкая традыцыя правядзення фэстаў – вернікі на працягу 40 гадзін маліліся ў касцёле да маці Божай.

“Фэст у нашай каталіцкай традыцыі – гэта вялікае духоўнае перажыванне. Раней звычайна гэты фэст быў папярэджаны некалькімі днямі малітвы. Гэта называлася саракагадзіннае набажэнства. Я рад, што тут, у Ідолце гэта традыцыя захавалася,” – адзначыў пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Пялінак.

А яшчэ трэба адзначыць, што касцёл быў упрыгожаны букетамі з ліліямі, якіх было вельмі шмат, розных колераў і гатункаў. Ксёндз Вячаслаў патлумачыў гэта тым, што лілія з’яўляецца сімвалам чысціні, таму іх так шмат у храме.

“Прычым трэба заўважыць, што гэтыя ўсе кветкі не купленыя ў краме, а іх вырасцілі мае парафіяне ў сябе каля дамоў і прынеслі іх на свята. Гэта знак вялікай любові і працавітасці, што выказваюць мае парафіяне не толькі ў гэта свята, але і ў паўсядзённым жыцці, ” – такія цёплыя словы пра сваіх вернікаў выказаў пробашч парафіі.

idolta_fest04

Фэст у Ідолце сабраў не толькі цяперашніх вернікаў гэтай парафіі, сюды таксама прыехала шмат людзей, якія тут нарадзіліся, але зараз жывуць далёка ад гэтых мясцін. І вельмі прыемна, што Маці Божая збірае іх разам тут, на роднай зямлі.

“Карані мае тут, тут вянчаліся мае бацькі, тут была ахрышчаная я, мой брат, – кажа Вольга Давыдзенка, якая прыехала з Полацка. – Заўсёды прыезджаю сюды, каб быць бліжэй да Бога, бліжэй да сваіх каранёў. Я вельмі прывязаная да родных мясцін, люблю іх”.

“Я прыехала сюды са Слоніма. Прыехалі таксама родзічы з Рыгі, з Малдовы, ¬– распавяла Эльвіра Весялуха. – Мы разам сабраліся ў бацькоўскай хаце, каб адзначыць гэту вялікую ўрачыстасць”.

Падчас Імшы вернікі маліліся таксама і за тое, каб на нашай зямлі было больш пакліканняў, бо калі ў Беларусі будуць працаваць свае святары, то ў касцёла будзе будучыня.
Як адзначыў Часлаў Рубанік: “Мы маліліся за тое, каб Касцёл у Беларусі не загінуў, каб развіваўся, каб больш было пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця”.

Касцёл у Ідолце стаіць у вельмі маляўнічым месцы: побач з касцёлам расце лес, непадалёк раскінулася возера. У планах пробашча парафіі ксяндза Вячаслава адрамантаваць дом для гасцей і запрашаць сюды на адпачынак каталіцкія сем’і. Каб людзі маглі і адпачыць тут ад штодзённых клопатаў, і паяднацца з Богам падчас святой Імшы.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, відэа

для друку для друку