У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзяць рэкалекцыі распазнання паклікання

3 жніўня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пачаліся 3-дзённыя духоўныя практыкаванні на тэму «Пасланне Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы». Праводзяць іх кс. Андрэй Лішко і кс. Валерый Быкоўскі пры актыўнай дапамозе семінарыстаў.

Разважанні рэкалекцый асаблівым чынам прысвечаны аб’яўленням Маці Божай у Партугаліі. Удзельнікі маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з пасланнем Маці Божай, скіраваным свету праз дзяцей 100 гадоў таму.

У ходзе рэкалекцый маладыя людзі маюць час на малітву і адпачынак. Першы дзень пачаўся супольнай Эўхарыстыяй у капліцы семінарыі. У гэты дзень юнакі сустрэліся, між іншым, з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім, які адзначыў, што Касцёл сёння мае патрэбу ў адважных весніках Божага слова, маладых людзях, поўных запалу і энергіі. Завяршыўся першы дзень духоўных практыкаванняў адарацыяй Найсвяцешага Сакраманту, якую правёў кс. Валерый Быкоўскі.

На рэкалекцыі сёлета прыбыло каля 30-ці юнакоў (некаторыя далучацца пазней). Духоўныя практыкаванні працягнуцца да 6 жніўня.

Кл. Томаш Мікалайчык, grodnensis.by

для друку для друку