У Віцебску працягваецца фестываль «Дні хрысціянскай культуры»

16 снежня 2016 года ў Віцебскім абласным мастацкім музеі адчынілася калядная выстава дзіцячай творчасці прысвечаная святу Божага Нараджэння.

Традыцыйна падчас фестывалю «Дні хрысціянскай культуры» гэта выстава збірае таленавітых дзяцей больш чым з дваццаці студый, гурткоў, школ і гімназій Віцебска і ладзіцца пад патранатам Віцебскай дыяцэзіі рымска-каталіцкага касцёла.

Выставачная заля ззяла святлом Бэтлеемскай зоркі, зробленай ў розных мастацкіх тэхніках, анёлы ў тэхніцы нацыянальнай выценанкі, керамікі, саломкі сваімі крыламі ўказвалі шлях да Езуса, народжанага ў стаенцы.

На выставе прадстаўлены працы вучняў студыі «Таццянка»(педагог Т.А. Лабунова), ткацтва (педагог Н.В.Курневіч), працы з саломкі (педагог І.Міхлюк), фларыстыка (педагог С.В. Жылінская і Л. Швед) і інш. Юныя творцы з гімназіі № 4 пад кіраўніцтвам Л.В. Жыльцовай, К.А. Гайнаншынай, А.А. Раменка, Р.В. Галінскай зрабілі цудоўныя прамяністыя творы. Сапраўды атрымаўся калядны цуд.

Святочны настрой надавала музыка і спевы ў выкананні вакальнага калектыву «Тэатр песні» пад кіраўніцтвам У.А. Адарыч і Т.В. Кавака.

Імпрэзу адкрылі канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч, дырэктар цэнтра творчасці Наталля Бальшакова, загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці ДУА «Віцебскага гардскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» Таццяна Калтунова і навуковы супрацоўнік Абласнога мастацкага музея Алена Рак.

Кс. Віктар Місевіч звярнуўся да сабраных, распавёў пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння, аб удзеле маленькіх творцаў у абвяшчэнні Добрай Весткі праз свае працы, падзякваў педагогам і бацькам за выхаванне таленавітай моладзі.

Удзельнікі атымалі дыпломы і салодкія пачастункі.

Л. Ярмолава, тэкст;
Л. Швед, фота

для друку для друку