У Віцебску прайшоў конкурс нацыянальных батлеек (+відэа)

Мерапрыемства прайшло 5 студзеня ў рамках XV фестывалю “Дні хрысціянскай культуры”, які праходзіў у Віцебску з 3 снежня па 6 студзеня.

Конкурс праходзіў у Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска. У ім прынялі ўдзел 13 калектываў з 12 парафій Віцебскай дыяцэзіі. Гэта былі дзеці з Віцебска, Друі, Параф’янава, Полацка, Наваполацка, Ідолты, Лынтупаў, Дуброўна, Паставаў.

Напачатку ўсіх удзельнікаў прывітаў ксёндз Віктар Місевіч, які з’яўляўся галоўным арганізатарам мерапрыемства. Потым да прысутных звярнуўся біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Разам з біскупам усе прачыталі малітву “Ойча наш” і конкурс распачаўся.

Першымі выступілі дзеці з парафіі святога Антонія ў Віцебску. Яны паказалі сцэнку пра тое, як людзі ехалі на свята, а аўтобус завяз у сумёце, і людзі вымушаны былі накрыць вігілійны стол проста ў полі. І калі перад гэтым яны сварыліся, то потым абставіны іх усіх памірылі.

Іншыя выступы таксама былі звязаныя з Божым Нараджэннем. Прычым шмат хто з выступоўцаў імкнуўся звязаць біблейскія падзеі з сучасным жыццём, паказаць, што Бог павінен займаць належнае месца і ў жыцці нашай сучаснай сям’і.

Каб патрапіць на конкурс, некаторым калектывам прыйшлося прайсці праз сапраўдныя выпрабаванні. Так, дзеці з дзіцячага Дома ў Друі павінны былі ўстаць у 5.30, каб не спазніцца на выступ у Віцебску. Дарэчы, ім выпала выступаць другімі.

Дзеці з самай далёкай парафіі ў Лынтупах выехалі на дзень раней, пераначавалі ў парафіі ў Шуміліне, каб прыехаць на конкурс без стомленасці ад дарогі. Ды і выступалі яны адразу пасля дзяцей з Друі. Яны паказалі сцэнку пра свята Божага Нараджэння ў сучасным свеце, калі розныя рэкламы стараюцца адцягнуць увагу людзей ад сапраўднага значэння свята.

Але самыя вялікія выпрабаванні выпалі дзецям з пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага. Па дарозе у іх аўтобусе замерзла паліва, прыйшлося выклікаць іншы аўтобус. Праўда, на дапамогу прыйшоў ксёндз Дзмітрый з Празарокаў, які адагрэў дзяцей гарачым чаем і проста хрысціянскай увагай. Праўда, забягаючы наперад, скажам, што гэтыя прыгоды не перашкодзілі пастаўчанам заняць другое месца ў конкурсе.

З адметнасцяў сёлетняга конкурсу трэба адзначыць, што маленькая парафія з Дуброўна была прадстаўлена на конкурсе двума калектывамі – лялечным тэатрам і дзіцячай школай мастацтваў.

Журы на конкурсе было прафесійным: у яго склад уваходзілі Таццяна Дарафеева, арганістка парафіі Святога Духа ў Віцебску; Алесь Замкоўскі, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра імя Якуба Коласа; Алег Рыхтэр, акцёр, майстар сцэны беларускага тэатра “Лялька”.

Апошнімі выступалі дзеці з катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Іх выступ быў самым працяглым па часе – амаль паўгадзіны – і распавядаў пра тое, як розныя народы шукаюць Езуса і знаходзяць яго. Трэба адзначыць, што ў дзяцей былі сапраўдныя касцюмы з Кітая і Афрыкі.

Пасля выступлення дзяцей запрасілі на абед у кавярню пры катэдры. Як адзначыў пробашч катэдры ксёндз Андрэй Аніскевіч, такой колькасці людзей гэта кавярня хіба яшчэ не бачыла.
Ну а потым у самой катэдры адбылося абвяшчэнне пераможцаў і ўручэнне дыпломаў і падарункаў. Гэтаму папярэднічала сумесная малітва дзяцей на ружанцы.

Журы прысудзіла тры трэція месцы, якія дасталіся дзецям з парафіі святога Антонія ў Віцебску, з Наваполацка і Параф’янава; два другія месцы занялі дзеці з Паставаў і Полацка, а першае месца заслужылі гаспадары – дзеці з парафіі Езуса Міласэрнага. Трэба сказаць, што і астатнія дзеці не засталіся па-за ўвагай – яны таксама атрымалі дыпломы і падарункі.

Цукеркі атрымалі і тыя дзеці, якія прысутнічалі ў якасці гледачоў. Як пажартаваў біскуп Алег Буткевіч, гэта быў аванс за тое, што ў наступным годзе яны таксама прымуць удзел у конкурсе.

Як адзначыў арганізатар мерапрыемства ксёндз Віктар Місевіч, такія мерапрыемствы спрыяюць яднанню людзей, у дзяцей з’яўляюцца новыя знаёмствы, а ў грамадстве будзе лепшае разуменне значэння прыходу Збаўцы ў свет.

Ксёндз Віктар выказаў вялікую падзяку віцебскаму дыяцэзіяльнаму Caritas’у і яго кіраўніку ксяндзу Андрэю Аніскевічу за фінансавую падтрымку гэтага праекта.

Прапануем вашай увазе відэа выступлення пераможцаў конкурсу — дзяцей з парафіі Езуса Міласэрнага.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку