У Віцебску на базе “Карытас” функцыянуе студыя інклюзіўнага танцу

Амаль чатыры месяцы на базе дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі функцыянуе студыя інклюзіўнага танцу за назвай “Імпэт”. Інклюзіўныя танцы – гэта занятак, дасяжны ўсім без выключэння, людзям з рознымі формамі інваліднасці і без яе. Гэта парныя, сольныя і калектыўныя танцы на калясках і не толькі. Гэта танцавальная рэлаксацыя і рэабілітацыя.

На дадзены момант у студыі займаецца каля дваццаці чалавек “на ножках”, а таксама дзве комбі-пары ў танцах на калясках.

На занятках мы спрабуем сябе ў розных танцавальных накірунках: ад мадэрну да народнага танцу.

Найбольшае значэнне мы надаем працэсу, насычэнню заняткаў і атмасферы. Мы імкнемся падчас кожнай наступнай сустрэчы зрабіць маленькі крок наперад: раскрыцца, станцаваць сваю ўласную гісторыю, падтрымаць партнёра.

Сёння нам крыху не стае валанцёраў, якія хацелі б дапамагчы людзям з пэўнымі абмежаваннямі лепей адчуваць сябе ў танцы. Мы не шукаем прафесіяналаў. Нам патрэбныя тыя, хто вельмі хоча танцаваць, але па нейкіх прычынах дагэтуль не рашыўся, а яшчэ – вельмі хоча дапамагчы з асваеннем гэткага навыку іншым.

У гэтым месяцы комбі-пара нашых пачынаючых танцораў — Валера Чупілаў і Хрысціна Карпанава -ўпершыню ўдзельнічаюць у конкурсе са сваім таксама першым танцам “Трымай мяне…” Калі вам спадабаецца наш танец, просім уступіць у суполку (гэта абавязковая ўмова) і паставіць “+” у каментарах да вось гэтага нашага відэа.

Студыя “ІМПЭТ” займаецца кожную сераду і пятніцу ў 13.30 у памяшканні кавярні пры Касцёле Езуса Міласэрнага. Калі дагэтуль вы танцуеце толькі ўнутры сябе – час нешта змяніць і далучыцца да нас!

Па ўсіх пытаннях – тэлефануйце: +375 29 548 02 94 — Марына Булатоўская (кіраўнік студыі)

Нашая суполка ў ВК.

Марына Булатоўская

для друку для друку