- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Віцебску адбылася прэзентацыя праекта “Віцебскі арганны шлях”

[1]Гэта адбылося ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў нядзелю, 23 красавіка, калі Касцёл адзначае свята Божай Міласэрнасці.

Спачатку ў 11.30 усе сабраліся на святочную Імшу, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У ёй таксама прынялі ўдзел Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Андрэй Аніскевіч, вікарый гэтай парафіі кс. Генадзь Рэйшаль, канцлер курыі дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч і айцец Зміцер Грышан, пробашч грэка-каталіцкай парафіі ў Віцебску.

Слова да вернікаў прамовіў архімандрыт Сяргей Гаек. У ім іерарх паразважаў над крыніцай і значэннем Божай Міласэрнасці. Ён нагадаў, што да ўстанаўлення гэтага свята Беларусь мае асаблівае значэнне, бо святая Фаўстына Кавальская служыла Богу ў Вільні, нашай старажытнай сталіцы. А духоўнікам святой быў ураджэнец беларускай зямлі бласлаўлёны Міхал Сапоцька.

[2]

У сваёй гаміліі архімандрыт узгадаў і асобу біскупа Чэслава Сіповіча, які паходзіў з друйскай парафіі і быў апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў. Ён прыклаў шмат намаганняў, каб у Ватыкане афіцыйна прызналі ўшанаванене Божай Міласэрнасці.

Адзначыўшы вялікі ўклад ураджэнцаў Беларусі ва ўстанаўлення свята Божай Міласэрнасці, іерарх нагадаў і аб вялікай адказнасці беларускіх вернікаў перад Богам, каб захаваць і перадаць наступным пакаленням гэты дар.

Закончылася Імша выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту, супольнай малітвай да Божай Міласэрнасці і бласлаўленнем. Затым увесь касцёл праспяваў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

У 13.30 распачалася прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел біскуп Алег Буткевіч, ксёндз Віктар Місевіч, прафесар Віктар Скарабагатаў, мастацкі кіраўнік творчага калектыву “Беларуская капэла” і Уладзімір Правілаў, сябра праўлення саюза музыкальных дзеячаў, а таксама журналісты з каталіцкіх і свецкіх сродкаў масавай інфармацыі.

Віктар Скарабагатаў і Уладзімір Прывалаў распавялі пра праект “Віцебскі арганны шлях”, які арганізаваны творчым калектывам “Беларуская капэла”, Віцебскім музычным таварыствам і Віцебскай дыяцэзіяй. Галоўным накірункам праекта стане прыцягненне ўвагі да арганаў Віцебшчыны як да гістарычных і матэрыяльных каштоўнасцяў.

На жаль, не ўсе арганы перажылі пераслед веры ў гады ваяўнічага атэізму, а тыя, што захаваліся, часта патрабуюць рамонту і рэстаўрацыі. Таму ў рамках праекта і плануецца экспедыцыя па касцёлах Віцебшчыны, каб выявіць такія інструменты.

Канцэрты арганнай і камернай музыкі будуць гучаць у касцёлах дыяцэзіі на працягу лета.

А першы канцэрт праекта адбыўся адразу пасля прэс-канферэнцыі ў 15 гадзін у катэдральным касцёле. За арганам быў выпускнік Беларускай акадэміі музыкі Віктар Кісцень, які зараз з’яўляецца арганістам касцёла Святой Тройцы ў Мінску, партыю мецца-сапрана выканала Наталля Акініна, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Усяго у праграме канцэрта было 12 нумароў. Вёў канцэрт заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скарабагатаў. Кожны выступ артыстаў закончваўся апладысментамі гледачоў, а напрыканцы слухачы ўсталі і працяглай авацыяй падзякавалі артыстам.

Музыку нельга апісаць словамі, таму прапануем вам праслухаць некалькі нумароў канцэрта.

А нашым чытачам паведамляем, што наступны выступ з гэтага праекта адбудзецца 9 мая ў касцёле ў Дзеркаўшчыне.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Відэарэпартаж будзе пазней