У Віцебску адбылася працэсія Божага Цела (+відэа)

vicebsk_Bozhaje_Cela11Вернікі прайшлі па вуліцах горада ад катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага да касцёла Святога Духа.

Падзея адбылася ў суботу 28 мая і была прымеркаваная да ўрачыстасці Божага Цела, якую Каталіцкі Касцёл у гэтым годзе адзначыў у чацвер 26 мая. Гэта свята лічыцца адным з найважнейшых у Касцёле, бо яно прысвечанае галоўнаму сакраманту Касцёла – Эўхарыстыі. Менавіта падчас Эўхарыстыі хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Езуса Хрыста.

Урачыстасць пачалася з святой Імшы ў катэдры Езуса Міласэрнага. Богаслужэнне ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У Імшы прынялі ўдзел святары, сёстры законныя, вернікі як з Віцебска, так і з іншых парафій дыяцэзіі. Было шмат дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі Першую Камунію. Сваім прыгожым убраннем яны стваралі дадатковы святочны настрой. Калі ў храме шмат дзяцей і моладзі, то гэта дае надзею, што ў Беларусі ў касцёла ёсць будучыня.

vicebsk_Bozhaje_Cela02

У сваім слове да вернікаў біскуп Алег Буткевіч звярнуў увагу на імкненне Бога быць разам з чалавекам, якое праяўлялася яшчэ ў Старым Запавеце.

“І сёння, — адзначыў іерарх, — Бог хоча быць з намі не толькі ў нашых сэрцах, але і са сваім народам на вуліцах гэтага горада. Бог хоча збавіць чалавека праз чалавека, і вы як сведкі веры, павінны не баяцца публічна вызнаваць яе.”

Біскуп адзначыў, што вера надае сэнс нашаму жыццю, але яна патрабуе ад нас і мужнасці. У якасці прыкладу ён прывёў эпізод з кнігі Генрыха Сянкевіча “Quo vadis?”, калі Пётр, уцякаючы з Рыму, дзе пачаліся ганенні на хрысціянаў, сустракае Езуса Хрыста. Пасля гэтай сустрэчы ён вяртаецца ў Рым, каб прыняць смерць за сваю вернасць Хрысту.

vicebsk_Bozhaje_Cela04

Сёння нам не трэба паміраць за веру, але мы таксама здзяйсняем высокі ўчынак, калі публічна вызнаем Хрыста.

Пасля Імшы вернікі разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі прайшлі працэсіяй ад катэдры да касцёла Святога Духа. На вуліцах горада было некалькі соцень вернікаў. Надвор’е таксама спрыяла святу.

vicebsk_Bozhaje_Cela40

Як прынята на гэту ўрачыстасць, вернікі зрабілі чатыры прыпынкі каля алтароў. Першы алтар быў зроблены каля катэдры, два наступныя былі мабільныя, прыпынкі былі зробленыя на вуліцы. Алтар размяшчаўся на плячах вернікаў. Апошні, чацвёрты, алтар быў абсталяваны перад касцёлам Святога Духа.

vicebsk_Bozhaje_Cela22

Разам з католікамі рымскага абраду ў працэсіі ўдзельнічалі і грэка-католікі. Сваёй прысутнасцю яны паказалі, што ўсе хрысціяне павінны быць разам, нягледзячы на тое, што мы адрозніваемся выкананнем некаторых абрадаў. Наадварот, гэта разнастайнасць нас толькі ўзбагачае, бо галоўная мэта ва ўсіх хрысціянаў адна – услаўляць Пана Бога.

vicebsk_Bozhaje_Cela44

Па заканчэнні працэсіі біскуп Алег Буткевіч падзякаваў усім, хто прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве, а таксама тым, хто яго рыхтаваў. Іерарх высока ацаніў працу мясцовых уладаў, якія далі дазвол на гэта мерапрыемства і забяспечылі парадак на ім.

А напрыканцы пробашч касцёла Святога Духа ксёндз Адам Квяткоўскі SDS запрасіў усіх на пачастунак. Таксама можна было паслухаць выступ маладых людзей, якія выканалі рэлігійныя спевы.

vicebsk_Bozhaje_Cela64

Будзем спадзявацца, што такія мерапрыемствы стануць традыцыйнымі ў абласным цэнтры, і ў наступным годзе ў працэсіі прыме ўдзел яшчэ больш вернікаў.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку