У віцебскай парафіі Святой Барбары адбылася біскупская візітацыя

vicebsk_barbara_vizit064 снежня, ва ўспамін святой Барбары, парафіяне і духоўныя асобы парафіі Святой Барбары ў Віцебску шчыра і сардэчна віталі біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, які наведаў парафію з душпастырскім візітам. Біскупскую візітацыю з хваляваннем чакалі не толькі святары, але таксама дарослыя і самыя маленькія парафіяне.

Распачаўся душпастырскі візіт сустрэчай з дзецьмі, якія ўдзельнічаюць у занятках па рэлігіі, іх бацькамі і катэхетамі. Дзеці адказна рыхтаваліся да сустрэчы і прывіталі біскупа вясёлым спевам. Каб лепш пазнаёміць кіраўніка дыяцэзіі з тым, як адбываецца катэхізацыя ў парафіі, старэйшая дзеці падрыхтавалі прэзентацыю, якую з цікавасцю паглядзелі ўсе прысутныя ў касцёле. Пасля гэтага кожны з дзяцей меў магчымасць асабіста задаць пытанне біскупу Алегу. У часе размовы з дзецьмі, біскуп звярнуў увагу на тое, што ў касцёле зараз Адвэнт – час чакання на прыход Збавіцеля – час, які варта выкарыстаць, каб як мага лепш падрыхтавацца да сустрэчы з Езусам. А пры гэтым, перш за ўсё, трэба памятаць пра падрыхтоўку свайго сэрца на прыход Божага Сына, які народзіцца, як маленькае Дзіця. Сам Езус пажадаў быць бліжэй да нас, таму мы можам сустрэцца з Ім у сакраманце Эўхарыстыі, калі прымаем Яго ў сваё сэрца. Напрыканцы сустрэчы дзеці падзякавалі біскупу Алегу за сустрэчу і пажадалі Божага бласлаўлення ў працы і сіл.

vicebsk_barbara_vizit04

А дванаццатай гадзіне, з урачыстай працэсіі, распачалася святая Імша, якую ўзначаліў іерарх. У часе Імшы, пасля казання, кіраўнік дыяцэзіі ўдзяліў падрыхтаваным асобам сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымалі 19 вернікаў парафіі. Напрыканцы Літургіі парафіяне выказалі словы падзякі біскупу Алегу за ўдзелены сакрамант, супольна перажытую Эўхарыстыю, малітву і скіраванае да вернікаў слова. Таксама са шчырымі сэрцамі парафіяне склалі словы ўдзячнасці айцу-пробашчу Кшыштафу Коцьяну і айцу Тамашу Міку за падрыхтоўку да сакраманту канфірмацыі, духоўнае суправаджэнне, малітву і падтрымку. Скончылася святая Імша пастырскім бласлаўленнем і спевам да святой Барбары ў выкананні хору “Hosanna”.

Пасля заканчэння Імшы, біскуп сустрэўся з прадстаўнікамі парафіяльных груп, да якіх скіраваў словы падтрымкі і заахвоціў усіх да большай адказнасці за справы веры, Касцёла і парафіі.

Ірына Лігецкая, тэкст
Валянціна Аўсянікава, фота

 

для друку для друку