У Віцебскай катэдры біскуп Алег Буткевіч асвяціў алей хворых і алей хрызма

vicebsk_chryzma10У Вялікі Чацвер, 24 сакавіка, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызма, якую разам з ім канцэлебравалі генеральны вікарый ксёндз-пралат Францішак Кісель і святары Віцебскай дыяцэзіі. 

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Алег звярнуўся да прысутных са словамі прывітання і падзякі, што святары сабраліся разам у Віцебску, каб адчуць еднасць свайго прэзбітэрыя. Некаторым давялося ў гэты дзень праехаць больш за дзвесце кіламетраў у адзін бок.

Біскуп падкрэсліў, звяртаючыся да святароў: “Мы з’яўляемся святарамі дзякуючы намашчэнню Святым Духам, святарскім народам праз хрост і святарамі праз пасвячэнне з ускладаннем рук”. Ён таксама прыгадаў выказванне вядомага акцёра і рэжысёра Мэла Гібсана, які здзейсніў экранізацыю “Пакутаў Хрыста”:

“Нельга быць крыху веруючым. Калі ты па-сапраўднаму ідзеш за Хрыстом, то табе прыйдзецца ісці з Ім да Галгофы. На гэтым усё трымаецца. Гэта і ёсць вузкая дарога. Зерне павінна памерці, каб даць плод. А людзі забываюць пра гэта. І я забыў. Зло вельмі прывабнае і падманлівае. Д’ябал выглядае добрым, амаль нармальным, але не цалкам. Менавіта ў гэтым заключаецца сутнасць зла – узяць штосьці добрае і сказіць яго. І калі ты разумееш гэта, тады бачыш, якая крывавая вайна ідзе паміж дабром і злом, і ты больш не можаш заставацца на ўзбочыне і абмываць рукі. Тады ты пачынаеш бліжэй пазнаваць свайго Бога і табе адкрываецца сапраўдная радасць жыцця”.

vicebsk_chryzma04

На гэтай жа св. Імшы адбылося асвячэнне алеяў – алея хворых і алея хрызма, якія ўжываюцца для ўдзялення сакрамантаў: хросту, бежмавання, пасвячэнняў і намашчэння хворых. Адбыўся ўрачысты дыялог духавенства са сваім біскупам, які запытаўся ў прысутных, ці гатовыя яны ісці следам за Хрыстом і адказна выконваць сваю пастырскую місію.

vicebsk_chryzma22

Пасля пацвярджэння святарамі сваіх прысягаў напрыканцы Імшы с. Таццяна Гмыза ад імя прысутных павіншавала пастыра дыяцэзіі з Днём святарства.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст 
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку