У Віцебскай катэдры адкрылі байкерскі сезон (+відэа)

vicebsk_bajkery37Мерапрыемства адбылося ў суботу 14 мая. Яно было арганізавана па ініцыятыве ксяндза-байкера Андрэя Аніскевіча, які зараз з’яўляецца пробашчам Віцебскай катэдры.

У ёй удзельнічалі байкеры з Віцебска, Лепеля, Полацка, Наваполацка і іншых гарадоў. Усяго на сустрэчу прыехала каля трох дзясяткаў аматараў матацыклаў.

Напачатку байкеры сабраліся каля гандлёвага цэнтра “Карона”, што размешчаны на ўездзе ў Віцебск з боку Мінска. Як адзначыў ксёндз Андрэй: “Такія сустрэчы я стаў праводзіць, калі яшчэ працаваў у Лепелі. Я сам з’яўляюся байкерам і ведаю, як звычайна праходзяць іх сустрэчы. Звычайна акрамя піва і гулянкі, там нічога не бывае. Таму хацелася прапанаваць ім нешта духоўнае, каб асвяціць матацыклы, памаліцца за іх. І байкеры мяне падтрымалі, такія сустрэчы мы ў Лепелі праводзілі. Калі я перайшоў у Віцебск, то ўжо думаў не праводзіць гэтых сустрэч, бо мала каго ведаў. Але байкеры мяне самі знайшлі і прапанавалі і надалей праводзіць такія сустрэчы тут у Віцебску.”

vicebsk_bajkery21

У палову на дванаццатую калона матацыклаў у суправаджэнні ДАІ накіравалася да Віцебскай катэдры. Пасля таго, як байкеры паставілі сваіх жалезных коней, яны зайшлі ў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага.

Мерапрыемства ў святыні распачалося ў 12 гадзін з гімна “Магутны Божа”. Пасля байкераў прывітаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. З яго рук яны атрымалі бласлаўленне на новы байкерскі сезон. У катэдры прайшла невялікая канцэртная праграма, дзе былі выкананыя кампазіцыі на рэлігійныя тэмы. Таксама ўдзельнікі памаліліся за тых, хто загінуў у дарожна-транспартных здарэннях.

Пасля ксёндз Андрэй Аніскевіч асвяціў матацыклы і запрасіў удзельнікаў у парафіяльную кавярню, дзе можна было пагутарыць адзін з адным за кубачкам кавы або гарбаты.

vicebsk_bajkery39

Варта адзначыць, што мерапрыемства ладзілася сумесна з Віцебскім аблвыканкамам. Як адзначыў начальнік Віцебскай абласной аўтаінспекцыі Уладзімір Назарка: «На тэрыторыі Віцебшчыны вельмі востра стаіць праблема траўматызму матацыклістаў. Ужо ў гэтым годзе адбылося 6 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў. Адзін чалавек загінуў, а шэсць атрымалі раненні. І мы хочам звярнуць увагу грамадскасці на вырашэнне гэтай праблемы, хочам праз касцёл дастукацца да свядомасці ў першую чаргу маладых людзей, каб яны былі ўважлівымі і асцярожнымі на дарогах.»

Па словах арганізатара сустрэчы ксяндза Андрэя, такія сустрэчы ён з аднадумцамі плануе зрабіць традыцыйнымі, і што ў наступным годзе ўдзельнікаў будзе яшчэ болей.

vicebsk_bajkery41

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку