У Віцебскай катэдры адбылася цікавая сустрэча сем’яў

vicebsk_sustrecza_semjau10У кавярні Віцебскай катэдры 10 студзеня адбылася цікавая сустрэча сем’яў, якая была прысвечана святкаванню таямніцы Нараджэння Хрыста. Сустрэча была арганізавана Душпастырствам сем’яў Віцебскай дыяцэзіі сумесна з дабрачынным фондам “Адкрытыя сэрцы”. Асабліва гэтае свята было прызначана для дзяцей, маці якіх у свой час выбралі для іх жыццё. Таксама ў ёй прынялі ўдзел дзеці валанцёраў і сяброў Фонда.

Праграма сустрэчы мела на мэце прыблізіць да нас, а дакладней да дзяцей, як выглядала нараджэнне нашага Збаўцы. Для гэтага арганізатары падрыхтавалі цікавую праграму: сцэнка батлейкі – нараджэння Хрыста, у якой прынялі ўдзел самі бацькі і дзеці, былі прыгожыя касцюмы, была магчымасць патрымаць нованароджанага Збаўцу на руках. Непасрэдна перад сцэнкай айцец Віталь Сапега ОР, душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі, правёў размову з дзецьмі, прагнучы растлумачыць і прыблізіць ім сэнс перажывання свята Божага Нараджэння. Таксама былі праведзены розныя конкурсы з музыкай, танцамі, дзеці мелі магчымасць паказаць свае таленты і веды адказваючы на пытанні, за адказы на загадкі была магчымасць атрымаць узнагароду. І канешне ж, не абышлося без падарункаў. У той час, калі дзеці частаваліся рознымі салодкімі прысмакамі, іх называлі кожнага па імені і ўручалі падарункі, а айцец Віталь кожнаму даваў аплатак як сімвал чысціні.

Гэта сустрэча дала магчымасць усім прысутным яшчэ раз перажыць гэтае свята, больш прыблізіцца да таямніцы Божага Нараджэння. Дзецям прынесла больш ведаў, радасці, новых знаёмых, а бацькам радасць з перажывання гэтага цудоўнага Свята разам са сваімі дзецьмі.

Алена Блізнюк

для друку для друку