У Віцебскай дыяцэзіі пачаліся імпрэзы XVII фестывалю «Дні хрысціянскай культуры»

3 снежня ў Віцебскай дыяцэзіі пачаліся імпрэзы XVII фестываля «Дні хрысціянскай культуры».

Традыцыйна ў парафіі Езуса Міласэрднага адчынілася выстава дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам настаўніка Мілды Кадзетавай. Свае працы да свята Божага Нараджэння падрыхтавалі вучні СШ №40 і №45 (кіраўнікі Святлана Жылінская і Людміла Швед), а таксама клуб «Чароўная нітка» (кіраўнік Галіна Сіневіч)

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прывітаў сабраных вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў. За лепшыя працы ўручыў дыпломы, а «Карытас» дыяцэзіі на чале з кс.  Андрэям Аніскевічам пачаставаў юных творцаў салодкімі прысмакамі. Удзел у вернісажы ўзяў і кс. Віктар Місевіч.

10 снежня працяг фестывалю адбыўся ў парафіі Святога Духа. Парафіяльную залю ўпрыгожвалі выявы Маці Божай, Пана Езуса, св. Мікалая, анёлаў, сцэны Божага Нараджэння, выкананыя ў тэхніцы вышыўкі (кіраўнік Г. Сіневіч), саломкі (кіраўнік І. Міхлюк), фларыстыкі і жывапісу (кіраўнікі С. Жылінская і Л. Швед).

Для ўдзельнікаў свята была падрыхтавана літаратурна-музычная праграма на тэму Божага Нараджэння: вучні чыталі вершы, паказалі калядную казку, настаўнікі правялі святочную віктарыну, прагучалі і калядныя спевы  ў выкананні Анастасіі Раманавай і Людмілы Богадухавай.

Кс. Андрэй Аніскевіч падзякаваў юным талентам і іх настаўнікам за прыгожыя творы і пажадаў, каб Пан Бог заўсёды заставаўся ў іх сэрцах, душах і творчасці.

Усім удзельнікам «Карытас» прыгатаваў дыпломы і салодкія прысмакі.

Фестываль у Прыдзвінскім краі працягваецца…

Людміла Ярмолава, тэкст;
Алёна Трус, фота.

для друку для друку