У Віцебскай абласной бальніцы медыкі сустрэліся са святарамі

11 лютага 2016 года ўжо традыцыйна ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы прайшла сустрэча медыкаў са святарамі дыяцэзіі, прысвечаная Сусветнаму дню хворага. У канферэнц-зале сабраліся ўрачы, медыцынскія сёстры шматлікіх аддзяленняў буйнейшага ў вобласці шпіталя.

Сустрэцца з медыкамі прыбылі канцлер Віцебскай курыі кс. Адам Дынак і вікарый парафіі Святога Антонія ў Віцебску айцец Станіслаў Памыкала SJ.

Намеснік галоўнага ўрача Станіслаў Агрызка адзначыў, што з’явілася добрая традыцыя разам адзначаць Дзень хворага, і перадаў слова пастыру.

У сваёй гаміліі айцец Станіслаў адзначыў неабходнасць міласэрнасці і духоўнасці ў адносінах «лекар-хворы», «лекар-лекар», «лекар і блізкія хворага». “Праца медыкаў з церпячымі, хворымі і непаўнаспраўнымі падобная да малітвы, да суразмовы з Панам Богам. Як напісана ў Евангеллі ад Мацвея: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, — прамовіў святар.

Айцец-езуіт падзякаваў медыкам за самаадданую працу на карысць хворых і абяцаў малітву ў інтэнцыі калектыву шпіталя.

Людміла Ярмолава

для друку для друку