У Вішневе настаўніца-каталічка адкрыла музей і бібліятэку ў гонар кс. Уладзіслава Чарняўскага

Тарэса Бітэль. Заснавальнік, захавальнік і экскурсавод, Вішнева.

38-гадовая настаўніца Тарэса Бітэль так натхнілася лёсам ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, што стварыла ў ягоны гонар музей. На ўласныя грошы і з дапамогаю добрых людзей.

У Вішневе Валожынскага раёну жыве цяпер пад паўтысячы чалавек. Тут нарадзіліся асветнік Сымон Будны і прэзідэнт Ізраілю Шымон Пэрэс. А ў мясцовым касцёле яшчэ ў савецкія часы паўстагоддзя служыў святаром легендарны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі.

Два пакоі пад прыватны музей і бібліятэку Тарэса Бітэль арандуе ў вішнеўскім Доме культуры

 Савецкія вернікі ананімна скардзіліся на святара, што моліцца па-беларуску

Тарэса Бітэль — 38-гадовая настаўніца хіміі і біялогіі. Кажа, што беларуская мова для яе — «натуральная, як стары вясковы касцёл», пры якім яна вырасла. Але прызнаецца, што калі вучылася ў педагагічным універсітэце ў Мінску ды пачынала выкладаць хімію і біялогію, то часова «сышла» ў расейскамоўную галіну. Сваю «беларусізацыю наноў», а таксама заснаванне вясковага «цэнтру культуры» звязвае з імем мясцовага святара Уладзіслава Чарняўскага:

«Набліжалася 100-годдзе ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, і мы вырашылі стварыць музей».

Партрэт ксяндза Уладзіслава — сярод экспанатаў музею

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі — адзін з перакладнікаў Бібліі на беларускую мову — амаль 50 гадоў праслужыў у касцёле ў Вішневе. Ён ці ня першы ў савецкай Беларусі пачаў праводзіць службы па-беларуску.

«Ён усё жыццё праслужыў людзям і надалей апякуецца вішнеўцамі. Гэта праз ягоную апеку ўсё атрымалася», — упэўненая Тарэса, на якой трымаецца ўвесь музей. Яна складальніца і захавальніца фондаў, а таксама экскурсавод.

За гэтым сталом ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі перакладаў Біблію на беларускую мову

«Гэта быў не толькі асветнік, але вельмі добры чалавек», — кажа яна пра Чарняўскага. — Памятаю, у суседняй вёсцы пажылы ўжо чалавек узгадваў, як яны дзецьмі чакалі ксяндза Уладзіслава пры дарозе, калі ён пасля службы ехаў у лес у грыбы. Бо ксёндз заўсёды частаваў дзяцей цукеркамі. Маё ж пакаленне, людзі малодшага ўзросту бязмерна ўдзячныя святару за беларускую мову ў касцёле».

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі быў асветнікам і фундатарам у справе папулярызацыі беларушчыны

А супраціўляліся беларусізацыі не толькі ўлады, але нават свае, мясцовыя людзі. Тарэса дастае з музейнай экспазіцыі ананімны ліст ад парафіянаў, якія патрабуюць ад святара спыніць маліцца па-беларуску.

«Альбо, да прыкладу, праходзіць ксёндз праз натоўп, дык нехта хоць плячом нібыта выпадкова штурхне. Мне цяжка нават уявіць, як айцец Уладзіслаў гэта ўсё вытрымаў, — распавядае яна. — Тое пакаленне даўно сышло. А мы адчуваем сябе ў касцёле як у сваім доме — мы можам свабодна ўдзельнічаць у малітве, бо яна на роднай мове. І за гэта айцу Уладзіславу нізкі паклон».

Ксёндз Уладзіслаў стаяў каля вытокаў новага Беларускага адраджэння

Ствараць музей было няпроста. «Былі выпадкі, калі здавалася што ўсё, тупік, — дзеліцца Тарэса. — І нібыта ніадкуль з’яўляліся людзі, якія дапамагалі вырашаць праблемы. Знаходзіліся адмыслоўцы, якія перакладалі дакументы і найбагацейшую спадчыну айца Уладзіслава з лацінскай, літоўскай, італьянскай моваў».

Са сваім дзядзькам ксёндз Уладзіслаў ліставаўся беларускай лацінкай

Экспанаты і начынне музею збірала па каліву. Частку мэблі падарыла мэблевая фабрыка з Валожыну, бо дырэктар «хадзіў у нядзельную школу да ксяндза Уладзіслава». Мясцовы Дом культуры здаў у арэнду памяшканне пад музей і бібліятэку. А вось рамантавалі яго местачкоўцы ўжо ўласнымі сіламі. І зараз Тарэса сплочвае арэнду ўласнымі сродкамі.

Сярод экспанатаў — дакументы, кнігі Уладзіслава Чарняўскага

«А бывалі і проста містычныя выпадкі, — кажа яна. — Аднойчы ў музеі не было святла, а карціна з нашым касцёлам стаяла на падваконні і закрывала вакно. Нічога не заставалася, як зняць яе і паставіць у куток, каб у пакоі стала святлей. У тую ж ноч мне прыснілася, што мы прыйшлі ў музей з ксяндзом Уладзіславам. Я і пытаюся: «Ойчанька Уладзіслаў, як вам тут? Мы вельмі стараліся…» А ён патрос пальцам і кажа: «Усё ў вас добра, толькі касцёл не на сваім месцы». Раніцай пайшла і вярнула «касцёл» на «сваё» месца».

Кнігі з прыватнай бібліятэкі ксяндза Уладзіслава і адзенне святара

«Вядома, вёскі зараз паміраюць, але ж не будзем траціць надзею»

Уся прыватная бібліятэка Тарэсы Бітэль пакуль змяшчаецца на некалькіх паліцах — агулам каля чатырох сотняў асобнікаў. Усе яны на беларускай мове і маюць аўтографы аўтараў.

«Вось гэтую сваю кнігу з асабістым подпісам у бібліятэку перадала Ірына Багдановіч. Гэтую — Данута Бічэль з Гродна. На гэтай паліцы кнігі, перададзеныя Крысцінай Лялько, яны выйшлі ў выдавецтве «Pro Christo»», — распавядае Тарэса.

Само заснаванне бібліятэкі таксама звязана з імем ксяндза Уладзіслава. У музейнай калекцыі ёсць выданне твораў Паўлюка Труса 1934 году з асабістай пячаткай ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, кнігі беларускай лацінкай з бібліятэкі а. Адама Станкевіча, літаратурны часопіс «Калосьсе» 1923 году.

Бібліятэчна-музейны «фонд» Тарэсы Бітэль

«Маючы такі скарб, нельга было ўтрымацца, каб не прадоўжыць справу ксяндза Уладзіслава і не папоўніць ягоную бібліятэку», — тлумачыць Тарэса.

Больш сучасныя, але не менш каштоўныя выданні прыватнай бібліятэкі

«А вось гэта, — Тарэса Бітэль з усмешкай паказвае некалькі асобнікаў кніг, — кнігі з «Бібліятэкі Свабоды». Маем некалькі асобнікаў і чакаем абяцанага «Верабейку гаварушчага» ад Змітра Бартосіка».

Тарэса Бітэль спадзяецца неўзабаве выдаць кнігу пра ксяндза Уладзіслава, дзе будуць ягоныя рукапісы, фотаздымкі, гісторыя няпростага жыцця і актыўнай дзейнасці.

«Касцёлы ў вёсках заўсёды былі цэнтрамі культуры, і мне хацелася б аднавіць гэтую традыцыю, як і ксёндз Уладзіслаў аднаўляў родную мову, — кажа Тарэса. — Мне ўяўляецца, што духоўную і асветніцкую місію маглі б мець і музей, і бібліятэка, і дом святара з нядзельнай школай для дзяцей. Спадзяюся, што аднойчы гэта стане культурным цэнтрам у нашым Вішневе. Вядома, вёскі зараз паміраюць, але ж не будзем траціць надзею».

Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

для друку для друку