У Вільнюсе прайшоў канцэрт памяці кс. Леаніда Несцюка, пробашча касцёла ў Гервятах

У Вільнюсе ва ўніверсітэцкім касцёле Святога Яна прайшоў канцэрт, прысвечаны памяці ксяндза-пробашча Гервяцкага касцёла Леаніда Несцюка.

Як расказаў арганіст касцёла Андрэй Міхневіч, гэты канцэрт планаваўся даўно, яшчэ пры жыцці ксяндза Леаніда: захопленыя гледачы і слухачы традыцыйных “Лістападаўскіх вечароў у Гервятах”, што сталі сапраўднай падзеяй у духоўным і культурным жыцці не толькі Астравеччыны, марылі пачуць беларускіх музыкантаў і ў сталіцы Літвы. Але так сталася, што гэты канцэрт прайшоў ужо без кс. Леаніда – але ў яго памяць. Стоячы, у ціхай малітве, артысты і гледачы ўшанавалі памяць свайго духоўнага настаўніка.

А потым адбылося дзейства, для апісання якога цяжка падабраць словы.Творы Бетховена, Шапэна, Гендэля, Баха, Рахманінава, Чайкоўскага і іншых класікаў у выкананні традыцыйных удзельнікаў гервяцкіх канцэртаў Аляксандра Музыканкантава, Таццяны Глазуновай, Андрэя Міхневіча гучалі так, што – мароз па скуры. Спяваў і плакаў, падпарадкоўваючыся Андрэю Міхневічу, старадаўні арган; гукі, што выляталі з-пад пальцаў Аляксандра Музыкантава, рэзаніравалі са струнамі душы гледачоў, а голас Таццяны Глазуновай і таго ж Андрэя Міхневіча прымушаў прысутных плакаць, не саромеючыся сваіх ачышчальных слёз. Здавалася, што ксёндз Леанід нябачна прысутнічае на гэтым канцэрце і бязгучна паўтарае разам з Андрэем, звяртаючыся на нябеснага Айца, словы Булата Акуджавы “Дай же ты всем понемногу – и не забудь про меня”…

Арганізаатр кацэрта прэзідэнт асацыяцыі “Вільнюсу і народу” Саулюс Павілайціс запэўніў, што зробіць усё магчымае, каб традыцыя канцэртаў арганнай і вакальнай музыкі ў Гервятах працягвалася і надалей. Усе, каму пашчасціла хоць раз пабываць на іх, спадзяюцца, што так яно і будзе.

ostrovets.by

для друку для друку