У катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску развіталіся з ксяндзом Паўлам Кнурэкам, які вымушаны вярнуцца ў Польшчу, бо беларускія ўлады не дазволілі яму працягнуць святарскае служэнне ў Беларусі.
Нягледзячы на петыцыю вернікаў парафіі Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка не ўзгадніў запрашэнне ксяндза, які з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, для рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі.
12 мая кс. Павел Кнурэк адслужыў у Беларусі апошнюю Імшу. Развітацца са святаром прыехалі яго былыя парафіяне з Лынтупаў, таксама на Эўхарыстыі прысутнічаў біскуп Алег Буткевіч.
Ксёндз заклікаў вернікаў адносіцца да крыўды і не справядлівасці, якую выказалі да яго беларускія ўлады, па хрысціянскі. Пры гэтым ён выказаўся, што не прыгадвае за сабой дзеянняў, з-за якіх яму б маглі забараніць служыць у Беларусі.
У сваю чаргу біскуп Буткевіч адзначыў, што склаўшася сітуацыя выклікае ў яго непаразуменне:
— Я не ведаю, што адбываецца. Напэўна можна сказаць адно, гледзячы на гэтую сітуацыю — шчыры жаль, але камунізм у нас яшчэ ня скончыўся, бо і дагэтуль святарам не даюць магчымасці працаваць на карысць Бога і краіны. Штосьці нядобрае ў нас адбываецца…
Пры гэтым ён сказаў шмат цёплых слоў пра кс. Паўла Кнурэка і прызнаўся, што быў шчаслівы мець такога святара ў дыяцэзіі.
Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебска
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота
