У Віцебску ў Білеве пабудуюць вялікі касцёл. З класамі для заняткаў, залай для сходаў і жылымі памяшканнямі для духавенства

Пры самых спрыяльных умовах у плане фінансавання, працы па ўзвядзенню касцёла зоймуць каля трох гадоў.

Што ж плануецца пабудаваць у новым гарадскім мікрараёне?

Як паведаміў “Віцебскаму кур’еру” канцлер Віцебскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кс. Віктар Місевіч, на вуліцы Генерала Іваноўскага запланавана будаўніцтва касцёла. Акрамя ўласна культавага будынка, тут будуць узведзеныя класы для заняткаў, зала для сходаў вернікаў і жылыя памяшканні для духавенства.

Па словах айца Клеменса Верта, будынак касцёла ў Білеве будзе пабудаваны ў сучасным стылі і арганічна ўпішацца ў архітэктурнае аблічча мікрараёна. Мяркуецца, што новы касцёл атрымае імя святога Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Ордэна Езуса.

На пытанне пра тое, ці будзе ў храма электрычная званіца, айцец Клеменс не адказаў сцвярджальна. У планах – набыццё звычайнага звона, а вось якім ён будзе, пакажа час.

У дадзены момант праект культавага будынка знаходзіцца ў распрацоўцы, таму аб памерах і вышыні яго меркаваць цяжка. Пры самых спрыяльных умовах у плане фінансавання працы па ўзвядзенню касцёла зоймуць каля трох гадоў.

Сяргей Марціновіч, “Віцебскі Кур’ер”

для друку для друку