- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Віцебскай дыяцэзіі перастае дзейнічаць дыспенса ад абавязку ўдзелу ў Імшы, дадзеная ва ўмовах пандэміі

[1]27 жніўня біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч падпісаў дэкрэт, якім адмяняе дзеянне дыспенсы, дадзенай ва ўмовах пандэміі каранавірусу, ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці.

У паразуменні з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі, дбаючы пра духоўнае дабро вернікаў і ўлічваючы паляпшэнне сітуацыі, 1 верасня 2020 года біскуп Алег спыняе дзеянне ў Віцебскай дыяцэзіі дыспенсы ад абавязку ўдзелу ў нядзельных і ўрачыстых святых Імшах, якая была абнародавана 20 сакавіка 2020 г.

Такім чынам, кожны вернік вяртаецца да абавязку асабістага ўдзелу ў святой Імшы ва ўсе нядзелі года і ў прадпісаныя ўрачыстасці.

Разам з тым ардынарый дыяцэзіі просіць да моманту поўнага спынення эпідэміі аб захаванні мераў бяспекі: сацыяльная дыстанцыя (па меры магчымасці), карыстанне антысептыкамі і маскамі, пераказ знаку супакою праз паклон (без паціскання рук).