У Верхнядзвінску малодшыя хлопцы прайшлі навуку і адпачылі ў «Школе міністрантаў»

Напрыканцы вясны ў школах прагучалі апошнія званкі і вучні распачалі летнія канікулы. А вось міністранты верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі пасля заканчэння звычайнай школы трапілі ў “Школу міністрантаў”.

Пры парафіі быў арганізаваны летнік для малодшых хлопцаў, якія толькі распачалі прыслугоўваць пры алтары. Таму катэхезы і практычныя заняткі з літургікі былі вельмі карысным дадаткам да ўжо набытых ведаў і навыкаў пачынаючых міністрантаў.

Вядома што, любая навука хутка нудзіць, і каб дадаць навучальнаму працэсу духу рамантыкі і спаборніцтва, на працягу трох дзëн хлопцы са сваім пробашчам кс. Аляксандрам Грыцкевічам практыкаваліся ў стральбе, лавілі рыбу, наведалі краязнаўчы музей, праводзілі спаборніцтвы па настольнаму тэнісу і наводзілі парадак на прыкасцельнай тэрыторыі. Акрамя навукі і забаўляльных мерапрыемстваў міністранты кожны дзень удзельнічалі ў святой Імшы і набажэнствах.

У апошні дзень “Школы міністрантаў” усе вучні паспяхова здалі выніковы залік і без другагоднікаў былі пераведзены ў наступны клас. Акрамя таго кожны ўдзельнік добра адпачыў і карысна правёў час.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч, тэкст і фота

для друку для друку