- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Ватыкане з’явілася манета з выявай св. Яна Паўла II

[1]З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Караля Вайтылы нумізматычная палата Ватыкана выпусціла манету наміналам 2 еўра з выявай Яна Паўла II.

Як падкрэслівае Маўро Алівэры, дырэктар Ватыканскага манетнага двара, найбольш важныя юбілеі адзначаюцца менавіта манетамі ў 2 еўра.

Манета прысвечаная 100-годдзю Яна Паўла II была адчаканена ў колькасці 70 тысяч штук. Яе можна выкарыстоўваць усюды, у адрозненне ад срэбных альбо залатых манет, якія прызнаюцца толькі ў Ватыкане. Манета ўжо знаходзіцца ў абарачэнні.

Дызайн манеты належыць скульптарцы Габрыэле Цітота. На самой манеце змешчана выява св. Ян Павел II на фоне фасаду базылікі ў Вадавіцах і роднага дома Караля Вайтылы.

Побач змешчана зорка з васьмю промнямі — сімвал Найсвяцейшай Панны Марыі. Пад выяваю Папы размешчана лаўровая галінка, якая сімвалізуе хвалу святасці.

Дзяржава Ватыкана мае свае манеты. Штогод у абарачэнне выпускаюцца манеты рознага наміналу: 1, 2, 5, 10, 20, 50 еўрацэнтаў і 1 і 2 еўра.

Чаканяцца таксама і срэбныя і залатыя манеты наміналам 5, 10, 20, 50, 100 і 200 еўра. Штогод выпускаюцца спецыяльныя манеты ў памяць пра асаблівыя падзеі, напрыклад, Сінод Біскупаў, і юбілейныя манеты, якія нагадваюць пра жыццё Пап і святых.

Польская рэдакцыя Vatican News [2]