У Ватыкане выздаравеў апошні хворы з каранавірусам

Сярод супрацоўнікаў структур Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан больш няма хворых з каранавірусам, — паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

“Сёння раніцай быў атрыманы негатыўнай вынік тэсту на COVID-19 у апошняй асобы, якая на працягу гэтых тыдняў была вызначана як заражаная каранавірусам”, — паведаміў 6 чэрвеня 2020 г. Матэа Бруні.

У перыяд вострай фазы пандэміі каранавірус быў выяўлены ў дванаццаці ватыканскіх служачых. Апошні выпадак заражэння – 6 мая.

Святым Пасадам і Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан былі прыняты строгія меры для абароны здароўя супрацоўнікаў і людзей, якія наведваюць структуры. 9 сакавіка закрыліся Ватыканскія музеі, Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа і іншыя культурныя цэнтры. На наступны дзень былі закрыты для пілігрымаў і турыстаў плошча і базыліка св. Пятра, іншыя Папскія базылікі ў Рыме. Закрытымі заставаліся аддзяленне Ватыканскай пошты, ватыканскія кнігарні і фотаатэлье, сталоўка для супрацоўнікаў.

Каб прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі, былі адкладзены візіты Ad limina, аўдыенцыі і сустрэчы. Агульныя аўдыенцыі па серадах і марыйная малітва па нядзелях праходзілі ў фармаце відэатрансляцый. Без фізічнай прысутнасці вернікаў адбыліся і галоўныя цэлебрацыі літургічнага года – Пасхальны Трыдуум і Вялікдзень.

Дыкастэрыі Апостальскай Сталіцы працягвалі сваю дзейнасць, захоўваючы ўсе неабходныя санітарныя нормы. Супрацоўнікі, фізічная прысутнасць якіх у офісе не з’яўляецца абавязковай, былі пераведзены на працу з дома.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку