У Ватыкане пройдуць рэкалекцыі для лідараў Паўднёвага Судана

У Ватыкане былі агучаны дэталі духоўных практыкаванняў для палітычных і рэлігійных лідараў Паўднёвага Судана, якія пройдуць 10-11 красавіка 2019 г. у ватыканскім Доме св. Марты.

Прапанаваў духоўную ініцыятыву кіраўнік Англіканскай Царквы, Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасціна Уэлбі, Францішак падтрымаў ідэю і запрасіў правесці рэкалекцыі ў Ватыкане.

У духоўных практыкаваннях будуць удзельнічаць члены Прэзідыума Рэспублікі Паўднёвы Судан, якія 12 мая 2019 г. прыступяць да выканання сваіх абавязкаў, згодна з Абноўленым пагадненнем аб вырашэнні канфлікта ў Паўднёвым Судане.

У Ватыкан прыедуць: Прэзідэнт Паўднёвага Судана Сальваторэ Кіір і чатыры Віцэ-прэзідэнты: Рыек Машар, Джэймс Уані Іга, Табан Дэнг Гая і Рэбэка Ньяндэнг Дэ Мабіор. У рэкалекцыях возьмуць удзел таксама восем членаў Рады Цэркваў Паўднёвага Судана.

Рэкалекцыяністаў будзе двое: арцыбіскуп Джон Баптыст Адама, пастыр архідыяцэзіі Гулу ва Угандзе, і айцец Агбонкьянмэге Арабатор, старшыня Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў Афрыкі і Мадагаскара.

У заяве Залы Друку Святога Пасаду, падкрэсліваецца, што падзея, якая адначасова з’яўляецца экуменічнай і дыпламатычнай, была арганізавана ў супрацоўніцтве паміж Дзяржсакратарыятам Яго Святасці Папы і адміністрацыяй Архіепіскапа Кентэрберыйскага. Выказваецца надзея, што яна паспрыяе рэфлексіі і малітве, сустрэчы і прымірэнню тых, на каго ўскладзена адказная місія – працаваць у імя мірнай будучыні і росквіту народа Паўднёвага Судана.

Вечарам 11 красавіка ўдзельнікаў духоўных практыкаванняў прыме на аўдыенцыі Святы Айцец. Ён звернецца да сваіх гасцей з прамовай і ўручыць кожнаму Біблію з надпісам: “Шукай тое, што аб’ядноўвае. Перамагай тое, што раздзяляе”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку