- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Ватыкане праходзіць міжнародная выстава святочных ясляў

[1]Міжнародная выстава “100 ясляў” упершыню адкрылася ў Ватыкане. У экспазіцыі прадстаўлены каля 120 святочных кампазіцый з розных краін свету.

Выстава ясляў перад урачыстасцю Божага Нараджэння праводзіцца ў Рыме штогадова. У мінулыя гады яна размяшчалася ля касцёла Санта-Марыя-Дэль-Попала. Сёлета, аднак, яе было вырашана перанесці бліжэй да базылікі св. Пятра, куды з нагоды святаў прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў. Экспазіцыя адкрылася ў ватыканскім палацы Пія IX на Вія Канчыліяцыёнэ.

У гэтым годзе праект быў падтрыманы Папскай радай па новай евангелізацыі. На адкрыцці выставы, старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, заўважыў, што яслі, “гэта адзін з тых сімвалаў, які можа прынесці чалавецтву пасланне міра, дыялога і адкрытасці, што заклікае працаваць разам на карысць будавання лепшага свету”.

[2]

У экспазіцыі прадстаўлены 126 святочных стаенак, выкананых з розных матэрыялаў і ў розных тэхніках. Тут ёсць традыцыйныя неапалітанскія яслі; яслі, зробленыя вязнямі адной з італьянскіх турмаў; кітайскія яслі; яслі з пап’е-машэ, каралаў і нават цеста. Некаторыя кампазіцыі былі прадстаўлены пасольствамі пры Апостальскай Сталіцы, у прыватнасці Панамы, Польшчы, Чэхіі і Славеніі.

Выстава “100 ясляў” мае даволі доўгую традыцыю: яна праводзіцца ўжо ў 43 раз. Экспазіцыя, уваход на якую вольны, будзе дзейнічаць да 13 студзеня 2019 г.

Беларуская рэдакцыя Vatican News [3]