У Ватыканскіх садах з’явіцца скульптура армянскага святога

У Ватыканскіх садах будзе ўстаноўлена бронзавая скульптура св. Грыгорыя з Нарэка – армянскага святара, паэта, вучонага, якога Францішак абвясціў Доктарам Касцёла ў 2015 г.

Урачыстая цырымонія пройдзе 5 красавіка 2018 г. пры ўдзеле Прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна, Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ і Каталікоса Кілікійскага Армянскай Апостальскай Царквы Арама І. Перад гэтым Папа прыме ўдзельнікаў падзеі на аўдыенцыі.

Просьба аб размяшчэнні скульптуры армянскага святога ў Ватыканскіх садах выказвалася Сержам Саргсянам падчас візіту Папы Францішка ў гэтую каўказскую краіну ў чэрвені 2016 г. Пасля адпаведных узгадненняў мясцовымі скульптарамі была выканана двухмятровая фігура, якую даставілі ў Ватыкан 21 сакавіка 2018 г.

Грыгорый з Нарэка – армянскі святар і законнік, паэт і вучоны. Ён жыў у перыяд паміж 950-1005 гг. Паходзіўся з сям’і князя Хасрова Андзэвацы, які пазней стаў епіскапам. З самага маленства выхоўваўся пры кляштары ў армянскім мястэчку Нарэк, якое сёння знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Пазней стаў святаром і абатам. Св. Грыгорый вёў жыццё поўнае пакоры і любові, шмат працаваў і маліўся. Ён шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літаратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга жалобных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы. Доктарам Касцёла Францішак абвясціў яго падчас урачыстай літургіі ў Ватыкане 12 красавіка 2015 г.

Скульптура Грыгорыя з Нарэка будзе не першай фігурай у гонар армянскіх святых у Ватыкане. У 2005 г. у адной з знешніх нішаў базылікі св. Пятра была ўстаноўлена амаль шасцімятровая статуя св. Грыгорыя Асветніка – першага Каталікоса ўсіх армян.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку