У Ватыкане з’явілася новая Дыкастэрыя

VaticanКаталіцкі Касцёл, які аб’ядноўвае больш за 1,2 мільярда людзей усяго свету, з’яўляецца надзвычай вялікім арганізмам. Для таго, каб на практыцы падтрымліваць адзінства веры і вучэння, каб захоўваць і навучаць праўдзе, прынятай ад Пана, у Касцёле дзейнічае шэраг структураў на розных узроўнях.

Рэлігія не з’яўляецца выключна прыватнай справай чалавека, як гэта хтосьці можа памылкова лічыць. Езус прыйшоў на зямлю, каб вярнуць Бога ў гэты свет, каб накіраваць усіх людзей на дарогу, якая вядзе да шчасця, справядлівасці, любові. Вяртанне да Бога ўключае ў сябе ўвесь спектр людскога жыцця – як асабістага, так і грамадскага. Пытанні экалогіі, міжнацыянальных узаемаадносін, міру, сацыяльнай справядлівасці з’яўляюцца такімі ж прадметамі Божай волі, як і наша асабістае пакаянне, выкананне Божых запаведзяў і выбудова адносін з Нябесным Айцом. Менавіта таму на розных узроўнях, ад мясцовых парафій да Апостальскай Сталіцы, у Касцёле дзейнічаюць адпаведныя ўстановы, якія пакліканыя дбаць пра кожную сферу нашага жыцця.

4 чэрвеня 2016 г. Святы Айцец Францішак па прапанове Рады кардыналаў зацвердзіў cтатут новай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая з 1 верасня 2016 г. заменіць цяперашнія Папскую раду па справах свецкіх і Папскую раду па справах сям’і.

Як паведамляе Беларуская служба Ватыканскага радыё, новая Дыкастэрыя будзе падзелена на тры секцыі: у справах свецкіх вернікаў, у справах сям’і і ў справах жыцця. Яе кампетэнцыі будуць распаўсюджвацца на пытанні, звязаныя з дзейнасцю Апостальскай Сталіцы ў напрамках садзейнічання жыццю, апостальства свецкіх вернікаў, душпастырства сям’і і яе місіі, абароны і падтрымкі чалавечага жыцця.

Секцыя ў справах свецкіх вернікаў будзе працаваць над пашырэннем місіі свецкіх у Касцёле і ў свеце. Заданнем секцыі па справах сям’і будзе душпастырскі клопат пра сям’ю, падтрымка яе годнасці, якая вынікае з сакраманту сужэнства, абарона яе правоў і абавязкаў у Касцёле і ў грамадзянскай супольнасці. Секцыя па справах жыцця павінна падтрымліваць і каардынаваць ініцыятывы, накіраваныя на абарону чалавечага жыцця ад зачацця да прыроднай смерці. Дадзеная секцыя будзе знаходзіцца ў супрацоўніцтве з Папскай акадэміяй жыцця.

У гэты ж дзень, 4 чэрвеня 2016 г., Папа выдаў дакумент пад назвай “Як Маці, Каторая любіць”, паводле якога біскупы, што нядбайна ставяцца да высвятлення выпадкаў сексуальнага гвалту над дзецьмі, будуць вызваляцца ад пасады. У дакуменце вызначаецца, што сярод сур’ёзных прычын, якія вядуць да вызвалення біскупа ад пасады, ёсць марудлівасць у дачыненні да спраў, звязаных з сексуальным гвалтам у адносінах да няпоўнагадовых і дарослых асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Дадзеныя рашэнні Святога Айца пакліканыя палепшыць працу Касцёла па абароне Божага парадку ў сферы сямейных адносін, а таксама паслужыць актывізацыі ў рэлігійным жыцці свецкіх вернікаў. Будучыня залежыць ад нашых дзеянняў сёння. Тое, якою будзе сям’я, наколькі прынцыпова і шчыра вернікі будуць следаваць за Хрыстом, вызначыць, якім будзе заўтрашні свет.

 а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

 *Дыкастэрыя – італьянскі тэрмін, які азначае ведамства Рымскай Курыі. Да дыкастэрый Апостальскай Сталіцы належаць кангрэгацыі, трыбуналы, папскія рады, ведамствы і сакратарыяты. Налічваецца каля 30 рознага кшталту дыкастэрый Рымскай Курыі.

для друку для друку