У Ватыкане працуе ўсё больш і больш жанчын

zanchynyУ Ватыканскіх структурах і ўстановах Святога Пасаду працуе ўсё больш і больш жанчын. Даследаванне напярэдадні Міжнароднага жаночага дня правяла супрацоўніца Нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё Гудрун Зайлер.

Яна зваўважыла, што іх колькасць з кожным годам павялічваецца. Калі ў 2004 г. жанчыны сярод ватыканскіх супрацоўнікаў складалі каля 13%, то ў 2014 г. – ужо амаль 19%.

Самая вялікая колькасць жанчын задзейнічана ў структурах Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. Тут іх працуе 371. Гэта амаль ў два разы больш, чым дзесяць гадоў таму.

Падобная сітуацыя назіраецца таксама і ў структурах Апостальскай Сталіцы.

У 2014 г. сярод супрацоўнікаў Рымскай курыі і звязаных з ёй устаноў, як напрыкад Ватыканскае радыё, жанчыны складалі каля 18% – гэта 333 асобы. Яшчэ пяць гадоў таму іх было 288. Каля 40% супрацоўніц – гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Хоць жанчыны не стаяць на чале ватыканскіх дыкастэрый, дзве з іх займаюць пасады падсакратароў. Гаворка ідзе пра Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама пра Папскую раду “Iustitia et pax”.

Цікава, што першая жанчына была прынята на працу ў Ватыкан каля 100 гадоў таму – 1 лютага 1915 г. Рымлянку Анну Пецолі прызначылі памочніцай у так званай “Floreria Apostolica”, структуры, адказнай за афармленне месц, дзе праходзяць сустрэчы з Папам.

У 1926 г. былі прыняты на працу першыя жанчыны-рэстаўратары, якія прымалі ўдзел у аднаўленні каштоўных дываноў з калекцыі Ватыканскіх музеяў. Гэта былі і законніцы, і свецкія верніцы.

З 1929 г. жанчын пачалі прымаць на працу ў Ватыканскую бібліятэку, а пасля ІІ Ватыканскага Сабору – у іншыя ўстановы.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку