У Ватыкане пракаментавалі хуткае спатканне Папы і Патрыярха

RV13139_ArticoloУ Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству пракаментавалі навіну аб хуткім спатканні Папы і Патрыярха Маскоўскага і раскрылі падрабязнасці яе падрыхтоўкі. “Ініцыятыва – сумесная.

Сустрэча рыхтавалася ўжо даўно, пачынаючы з часу, калі прайшло ўсяго некалькі месяцаў пасля абрання папы Францішка. Непасрэднай падрыхтоўкай займаліся, з каталіцкага боку, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох, а з боку Рускай Праваслаўнай Царквы – старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён”, — паведаміў айцец Іакінф Дэсцівэль, супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі.

Хоць гэта спатканне будзе мець месца ў аэрапорце, не можна сказаць, што яно пройдзе “у спешцы”, падкрэсліў дымініканін. “Асабістая сустрэча Папы і Патрыярха, за межамі пратаколу, будзе доўжыцца дзве гадзіны. Гэта вельмі шмат, больш, чым любая аўдыенцыя ў Ватыкане, таму нельга называць гэта “сустрэчай на бягу”. Асаблівую значнасць сустрэчы надае запланаванае падпісанне вельмі змястоўнай і шырокай сумеснай Дэкларацыі”, — сказаў ён.

Што тычыцца тэм спаткання, тут няма нейкага “фіксаванага парадку дня”. Гэта не пратакольная дыпламатычная або палітычная сустрэча, а сустрэча пастыраў двух хрысціянскіх супольнасцяў, якія будуць абмяркоўваць царкоўныя ўзаемаадносіны, праблемы паствы, выклікі, якія стаяць перад светам і цывілізацыяй, адзначыў айцец Дэсцівэль і дадаў, што прадмет сустрэчы не будзе тэалагічным, паколькі тэалагічны дыялог даўно і плённа развіваецца асобна ў рамках адмысловай камісіі. Напэўна паўстане пытанне абароны пераследаваных хрысціян на Блізкім Усходзе, пытанне сям’і і абароны жыцця.

На думку супрацоўніка Папскай рады, сустрэча, якая пройдзе 12 лютага 2016 г. у гаванскім аэрапорце, дапаможа збліжэнню і ўзаемаадносінам паміж католікамі і праваслаўнымі не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце.

Ватыканскае радыё

для друку для друку