У Ватыкане агучылі прысуд у крымінальным працэсе

Завяршыўся ватыканскі судовы працэс аб незаконным выкарыстанні фінансавых сродкаў Фонда “Bambino Gesu” на рэканструкцыю апартаментаў у адным з ватыканскіх палацаў. Галоўны абвінавачаны ў гэтай справе – былы старшыня Фонда, Джузэпэ Профіці, быў прызнаны вінаватым у злоўжыванні паўнамоцтвамі і асуджаны на адзін год турэмнага зняволення ўмоўна, а скарбнік Фонда, Масіма Спіна – прызнаны невінаватым.

На працягу аднаго года Джузэпэ Профіці будзе забаронена займаць кіраўнічыя пасады. Суд таксама абавязаў яго выплаціць штраф у памеры 5 тыс. еўра і аплаціць выдаткі на судовы працэс.

Прамотар справядлівасці Трыбунала Дзяржавы Ватыкан прасіў для яго трох гадоў зняволення па абвінавачванні ў растраце сродкаў. Суддзі, аднак, вырашылі, што Профіці дзейнічаў па-за рамкамі сваіх кампетэнцый, але не выкарыстоўваў сродкі на сваю карысць ці на карысць кагосьці іншага.

Правапарушэнне было ўчынена ў Ватыкане з лістапада 2013 г. па май 2014 г. Старшыня Фонда “Bambino Gesu” Джузэпэ Профіці аплаціў са сродкаў Фонда рэканструкцыю памяшканняў на верхнім паверсе палацу “San Carlo”, які належыць ватыканскаму Губернатарату, і куды пераехаў жыць кардынал Тарчызіа Бэртонэ пасля сыходу з пасады Дзяржсакратара. На гэтыя мэты было прызначана 422 тыс. еўра Фонда. Паводле абвінавачанага, гэта інвестыцыя была зроблена з думкай аб тым, што з цягам часу яна акупіцца.

Ватыканскае радыё

для друку для друку