У Варапаеве адбыўся адпустовы фэст

Свята прайшло ў суботу 29 верасня, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Арханёлаў.

Парафія ў Варапаеве носіць імя святога Арханёла Міхала і благаслаўлёнага біскупа Міхала Козаля, таму гэты дзень тут асаблівым чынам шануецца.

Ужо на падыходзе да святыні адчувалася незвычайнасць гэтага дня для каталіцкай супольнасці ў Варапаеве. У храме гучала малітва, каля яго можна было набыць рэлігійныя рэчы, прысмакі, сувеніры, а галоўнае – кнігу “Свяціся Імя Тваё”. Гэту кнігу напісала ўраджэнка Варапаеўскай парафіі Аліна Латыш і прысвяціла яе ўсім, хто адраджаў веру на гэтай зямлі і будаваў тут святыню.

Ды і надвор’е ў гэты дзень выдалася па-сапраўднаму святочным, пасля некалькіх дзён непагадзі на небе засвяціла сонца.

На свята прыбыў дэкан Пастаўскага дэканату кс. Павел Самсонаў, які з’яўляецца пробашчам у Дунілавічах, а таксама святары з Паставаў.

Перад Імшой адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, а затым святары ўрачыста ўвайшлі ў храм.

На пачатку святой Імшы ўсіх прывітаў пробашч парафіі кс. Ежы Вільк. Ён звярнуўся да кс. Паўла Самсонава з просьбай узначаліць гэту святую Імшу, а дыякана Дзмітрыя Прыступу SCJ, які зараз служыць у Паставах, папрасіў прамовіць казанне да вернікаў.

Божае Слова было прысвечанае падзеі, што згадваецца ў Евангеллі паводле Яна, калі Піліп прыводзіць Натанаэля да Езуса, які сумняецца ў тым, што Ён – гэта Сын Божы. Але Езус адказвае Натанаэлю, што бачыў яго яшчэ тады, калі той стаяў пад смакоўніцай і сумняваўся ў Ім. І толькі пачуўшы адказ Езуса, Натанаэль адразу Яму паверыў.

Дыякан пабудаваў сваё казанне на тлумачэнні вернікам значэння гэтага ўрыўку. Мы таксама, як і Натанаэль, часта сумняваемся ў веры і Божай любові. Але мы павінны браць прыклад з Натанаэля, бо той хоць і сумняваўся, але ўрэшце прыняў Езуса і паверыў Яму.

— Езус, калі глядзіць на нас, як некалі глядзеў на Натанаэля, робіць гэта не з пагардай, не для таго, каб нас пакараць, не для таго, каб прынізіць, а толькі робіць гэта як той, хто нас найбольш за ўсё любіць, — падкрэсліў дыякан.

Па словах дк. Дзмітрыя, Натанаэль у нечым падобны на беларуса, які чакае лепшай долі, а яна ўсё не прыходзіць. Але Натанаэль не адчайваецца і не губляе надзею. Так ёсць і ў нашым жыцці. Мы часта ў нечым расчароўваемся, нешта нас прыгнятае, але мы спадзяёмся на лепшае. І гэта спадзяванне можа нам даць толькі Бог. Таму хрысціянін, гэта той чалавек, які мае надзею.

Дыякан таксама спыніўся на значэнне асобы святога Арханёла Міхала, які з’яўляецца апекуном Касцёла ў Беларусі. Нам не трэба саромецца сваёй веры, а вызнаваць яе ў сям’і, на працы, сярод суседзяў. І ў гэтым нам няхай дапамагае святы Міхал Арханёл. Святар распавёў і пра заступніцтва Арханёлаў Рафала і Габрыэля.

Напрыканцы свайго слова дыякан пажадаў кожнаму верніку прыняць ад святога Міхала меч Евангелля і смела з ім крочыць па жыцці.

Пасля казання адбылася працэсія з дарамі. Святарам паднеслі свечку як сімвал Божага Святла, ружанец як сімвал малітвы, крыж – сімвал пакуты Хрыста, Біблію, а таксама хлеб, віно і ваду, якія ў хуткім часе стануць Целом і Крывёю Хрыста.

На заканчэнні богаслужэння вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да святога Міхала Арханёла, пасля чаго адбылася працэсія з фігурай арханёла вакол святыні.

Скончылася Імша спевам гімнаў “Цябе, Бога, праслаўляем” і “Магутны Божа”.

Затым усіх удзельнікаў урачыстасці парадаваў сваім выступам мясцовы гурт “Заранка”.  Пробашч парафіі ксёндз Ежы падзякаваў музыкам за святочны настрой, які яны падаравалі гледачам, а Пану Богу – за добрае надвор’е. Святар асабліва адзначыў той факт, што ўсе спевы гурта былі на роднай мове. Ён заклікаў вернікаў берагчы сваю спадчыну і не цурацца сваіх каранёў, бо менавіта да гэтага заклікаў і Папа Францішак падчас свайго візіту ў краіны Балтыі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык фота
Больш здымкаў глядзіце тут

для друку для друку