У Валадарстве Марыі: У Браславе прайшлі ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў

yrachustasciy Braslave_dzen29У Браславе прайшлі ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў. Галоўнай св. Імшы на алтары-караблі папярэднічалі малітвы ў касцёле.

Жыхары і госці Браслава маліліся на св. Імшы апоўначы, якую праводзіў арцыбіскуп Гінтарас Грушас з Вільні.

Вернікі таксама прайшлі ў працэсіі са свечкамі, паслухалі канцэрт духоўнай музыкі і памаліліся на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

Сапраўдны фэст прадугледжвае паяднанне з Богам у сакраманце міласэрнасці. Таму святары спавядалі ўсіх ахвотных.

Галоўным цэлебрансам на алтары-караблі быў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з Мінска. Разам з ім маліліся: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп Гінтарас Грушас з Вільні і дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

З біскупамі ў канцэлебры маліліся святары з Віцебскай і іншых дыяцэзій.
Гаспадар дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч шчыра прывітаў усіх прысутных: духавенства, вернікаў і прадстаўнікоў свецкай улады.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ў казанні падкрэсліў знамянальныя падзеі гісторыі, якія супалі са святамі ў гонар Марыі.

Так, напрыклад, успамінаючы сваё служэнне ў Расіі, ён прыгадаў маскоўскі путч 1991 года, які пачаўся 19 жніўня і завяршыўся 22 жніўня – у дзень Маці Божай Каралевы.

Арцыбіскуп выказаў упэўненасць, што гэта не проста супадзенне лічбаў, а выразны знак таго, што Марыя, як Каралева супакою паспрыяла мірнаму вырашэнню складанай сітуацыі ў былым Савецкім Саюзе.

Танкі адступілі з Масквы, таму што Расія ў свой час была ахвяраваная Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Учыніў гэта святы Ян Павел ІІ ў 1984 годзе.

Знамянальнай датай таксама з’яўляецца дзень 8 снежня, калі ў Віскулях ў Беларусі было падпісанае пагадненне аб распадзе Савецкага Саюза.

Палітычнае рашэнне прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Расіі прывяло да мірнага паўстання новых незалежных дзяржаў. Невыпадкова гэта адбылося ў дзень, калі Каталіцкі Касцёл святкуе свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Марыя ахінае плашчом кожнага, хто аддае сябе ёй у апеку, але неабходна і нам памятаць пра сучасныя выклікі часу. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў асноўныя пагрозы для вернікаў. Гэта: алкагалізм, наркаманія і неўпарадкаванае сэксуальнае жыццё.

Беларусь з’яўляецца адной з краін-лідараў па спажыванню алкаголю. Гэта можа стаць нацыянальнай трагедыяй. Іерарх заахвоціў вернікаў быць прыкладам цвярозасці, глыбокай веры і малітвы.

Завяршылася ўрачыстасць у Браславе спевам “Магутны Божа”, які вельмі добра адлюстроўвае небяспеку духоўнага рабства і бязмежную моц магутнага Бога, які можа змяніць усё на лепшае.

кс. Віктар Місевіч, тэкст;
Алёна Фянько, фота

для друку для друку