У Удзеле ўшанавалі Дзень памяці святога Францішка

З гэтай нагоды ў касцёле адбылася святая Імша, а пасля яе дзеці паказалі невялікі канцэрт, прысвечаны прыгажосці роднай зямлі.

Касцёлам у Удзеле апякуюцца айцы-францішкане, таму Дзень памяці святога Францішка, заснавальніка трох манаскіх ордэнаў, тут адзначаецца асабліва ўрачыста. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе Удзельская парафія будзе адзначаць трохсотгоддзе свайго заснавання, што надавала фэсту яшчэ большую ўрачыстасць і значнасць.

Якраз у гэты час тут праходзяць рэлігійныя місіі, якія праводзяць айцы-аблаты Анджэй Юхневіч і Дзмітрый Занямонскі. Таму айцец Анджэй і быў у гэты дзень галоўным цэлебрантам святой Імшы. На богаслужэнні прысутнічалі сёстры-францішканкі з Глыбокага і Варапаева, ксёндз-дэкан Мікалай Ціхановіч, вернікі парафіі, школьнікі са школ Глыбоччыны, якія прыехалі з кіраўніком грамадскага аб’яднання “Прырода і мы” Алегам Лысёнкам, госці з навакольных парафій.

Сваё слова да вернікаў айцец Анджэй пачаў з разважання над значэннем Святой Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла і вернікаў. Ён звярнуў увагу, чаму для ўстанаўлення галоўнага сакраманту Касцёла Езус абірае вячэру. Бо на вячэры, асабліва ў сельскай мясцовасці, звычайна збіралася да стала ўся сям’я. І на ёй звычайна панаваў клімат блізкасці, сямейнасці, адкрытасці. Менавіта таму такую атмасферу адкрытасці і ўзаемнага даверу Хрыстос і абірае для ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, калі хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Святар таксама закрануў некаторыя моманты з жыцця святога Францішка Асізкага, які вельмі шанаваў Найсвяцейшы Сакрамант і стараўся прымаць яго як мага часцей. Святы Францішак таксама вельмі цаніў прыгажосць створанага Богам свету. У 1224 годзе Францішак напісаў свой знакаміты “Гімн Стварэння”, які лічыцца адным з першых мастацкіх твораў на італьянскай мове. Таму гэтага святога і лічаць апекуном навакольнага асяроддзя і экалогіі.

Айцец Анджэй нагадаў таксама вялікую ролю святара ў Эўхарыстыі, бо яму дадзеная вялікая ўлада і таямніца ўдзельнічаць у ператварэнні хлеба і віна ў Цела і Кроў Пана. Ён узгадаў атэістычныя часы, калі ў адным з касцёлаў Гарадзеншчыны быў арыштаваны святар, але вернікі шэсць гадоў кожную нядзелю збіраліся на Імшу. Яны чыталі малітвы, але не маглі правесці абрад Найсвяцейшага Сакраманту. Таму напрыканцы гаміліі святар заклікаў вернікаў маліцца за сваіх святароў, каб яны заўсёды заставаліся тымі духоўнымі асобамі і настаўнікамі, якімі і павінны быць для сваіх вернікаў.

Далей на святой Імшы адбыўся абрад складання абяцанняў кандыдатаў, якія ўступаюць у Францішканскі Ордэн Свецкіх, які яшчэ называецца Трэцім Ордэнам святога Францішка. Да яго належаць асобы, якія ў сваім штодзённым свецкім жыцці хочуць выконваць Евангелле нашага Пана Езуса Хрыста па прыкладу святога Францішка.

Першым свае клятвы аднавіў брат Тадэвуш з Глыбокага, які ўпершыню складаў сваю прысягу ў мінулым годзе.

Потым адбылася другая частка абраду, дзе Аліцыя з Дзеркаўшчыны, якая выбрала сабе імя сястра Караліна, склала вечную клятву быць у сваім жыцці разам з Хрыстом.

У трэцяй частцы абраду свае першыя клятвы склалі Яніна, Ганна і Галіна з Глыбокага.

Напрыканцы Імшы вернікі парафіі павіншавалі айцоў-францішканаў Яраслава, Вальдэмара і Яна, якія працуюць у Удзеле, з Днём памяці святога Францішка. Яны прачыталі прыгожы верш пра іх служэнне, а потым падаравалі кожнаму букет кветак.

Пасля гэтага адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі памаліліся Літаніяй да святога Францішка, а потым адбылася працэсія вакол касцёла. Закончылася касцельная частка ўрачыстасці спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.

А вернікаў чакаў яшчэ канцэрт на свежым паветры, які падрыхтавалі школьнікі, якія ўдзельнічаюць у экалагічным праекце, што праводзіць Міжнароднае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “Прырода і мы”.

Канцэрт адбыўся на прыкасцельнай тэрыторыі на сцэне, якую нядаўна ўстанавіла тут гэтае грамадскае аб’яднанне. Побач са сцэнай яны ўсталявалі таксама альтанку.

Перад пачаткам канцэрта Алег Лысёнак распавёў, што менавіта было зроблена прадстаўнікамі гэтага грамадскага аб’яднання на тэрыторыі Глыбоцкага і Докшыцкага раёнаў. Таксама спадар Алег расказаў аб паспяховых прыкладах супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла і экалагічнай арганізацыі, якую ён узначальвае. “Мы асаблівым чынам імкнёмся падтрымаць сельскую мясцовасць, бо на сённяшні дзень вяскоўцы атрымліваюць найменш сродкаў,” – адзначыў кіраўнік арганізацыі.

А сённяшні канцэрт, што зладзілі дзеці Азярэцкай, Пліскай, Мярэцкаўскай і Залесскай школ, прайшоў у гонар святога Францішка, які вельмі любіў і цаніў прыгажосць і хараство навакольнага асяроддзя.

Дзеці праспявалі песні, расказалі вершы, што славяць прыгажосць беларускай зямлі і яе прыроды. Па апладысментах гледачоў можна было сказаць, што канцэрт удаўся.   

Зміцер Лупач, тэкст

Леанід Юрык, фота

для друку для друку