У трэці раз адбылася роварная пілігрымка са Шчучына ў Тракелі

Яна прайшла пад дэвізам “Не бойся! Толькі вер!”

За тры дні моладзь праехала на роварах 140 кіламетраў. Па шляху яна мела магчымасць пабачыць шмат цікавых мясцінаў, палюбавацца прыгажосцю навакольнай прыроды, а таксама пазнаёміцца з людзьмі, якія вельмі прыязна ставіліся да пілігрымаў.

Вядома, кожны дзень у праграме было месца для малітвы і Эўхарыстыі, спеваў і канферэнцый, якія правялі адмыслова запрошаныя святары на розныя тэмы, якія моладзь загадзя прапанавала.

Пілігрымка – гэта час усталявання і аднаўлення блізкіх узаемаадносін з Богам. У цішыні і засяроджанасці, у спевах і малітвах Бог дазваляе зноў адкрыць сябе. Гэта дазваляе не гледзячы на стомленасць, дождж, спёку і іншыя цяжкасці не забывацца на галоўную мэту – пакланіцца Святой Маці і пакласці да Яе ног усе свае болі і радасці, усяго сябе цалкам.

Пілігрымка – гэта той час, калі кожны з удзельнікаў становіцца бліжэй адзін да аднаго, калі ўсе пілігрымы адчуваюць сябе як адна вялікая сям’я.

Лічым, што не гледзячы на невялікую колькасць удзельнікаў гэтай роварнай пілігрымкі са Шчучына, усе яе мэты і інтэнцыі былі рэалізаваныя.

а. Віталь Слука SP, тэкст

Настасся Цыбульская, фота

для друку для друку